Паранены бусел і яго сяброўка засталіся зімаваць у Беларусі

Траўмаваную птушку не пакінула ў бядзе яе другая палова, пара арніталагічных сімвалаў Беларусі не адляцела ў цёплыя краіны на зімоўку.
Sputnik

МІНСК, 25 сту — Sputnik. Пара белых буслоў, адзін з якіх атрымаў сур'ёзную траўму нагі, засталася зімаваць у Бярозаўскім раёне, паведаміў тэлеканал ОНТ.

Адна з птушак праявіла вернасць і засталася зімаваць у Беларусі, не пакінуўшы сваю другую палову на волю лёсу, было сказана ў сюжэце.

Птушку 2019 года ўжо пачалі выбіраць у Беларусі

Паводле інфармацыі тэлеканала, пара буслоў жыве каля біялагічных сажалак адной з мясцовых гаспадарак, вада якіх не замярзае нават зімой. Сілкуюцца птушкі, па словах мясцовых жыхароў, мышамі-палёўкамі. Паведамляецца, што людзі спрабавалі падкормліваць буслоў, але яны блізка да чалавека не падыходзяць і імкнуцца паляцець, праўда, недалёка ад вады, а затым вяртаюцца.

Як адзначылі Sputnik арнітолагі, такая вернасць у прыродзе не з'яўляецца рэдкім выпадкам, тым больш сярод птушак. "Невыпадкова буслы ў многіх народнасцяў з'яўляюцца сімвалам сям'і, захавальнікамі хатняга ачага", — сказалі спецыялісты. На іх думку, буслы, што засталіся на зіму ў Беларусі, павінны ўдала перазімаваць.

Навукоўцы ўдакладнілі, што белыя буслы з Беларусі лётаюць зімаваць на поўнач Афрыкі, як правіла, яны пачынаюць міграцыю ў жніўні, апошнія чароды адпраўляюцца на поўдзень у канцы кастрычніка.

Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці белых буслоў, на першым — Польшча, за ёй ідуць Іспанія і Украіна.

Каля пяці гадоў таму ў 30 краінах Еўропы, Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі быў праведзены міжнародны ўлік белых буслоў, які паказаў, што кожны дзесяты бусел у свеце гняздуецца ў Беларусі.

У РБ гняздуецца больш за 17 тысяч пар белых буслоў. Рэдкі Чорны бусел занесены ў Беларусі ў Чырвоную кнігу. Колькасць гэтых прыгожых рэдкіх птушак не перавышае ў Беларусі і 2 тысяч пар.