Пасол Расіі Сурыкаў сустрэўся з удзельнікамі Сталінградскай бітвы

Сустрэча прайшла ў Мінску і была прысвечана 75-й гадавіне перамогі над нямецкімі войскамі пад Сталінградам.
Sputnik

МІНСК, 1 лют — Sputnik. Сёння ў пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску прайшла сустрэча пасла Аляксандра Сурыкава з ветэранамі — удзельнікамі бітвы пад Сталінградам.

Мерапрыемства было прымеркавана да 75-гадовай гадавіны перамогі ў Сталінградскай бітве над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якую атрымалі савецкія войскі 2 лютага 1943 года. Лічыцца, што менавіта гэты дзень стаў пераломным у гісторыі Другой сусветнай вайны.

Ветераны-участники Сталинградской битвы

Аляксандр Сурыкаў асабіста павіншаваў ветэранаў са святам і падзякаваў ім за вялікі подзвіг, які падарыў жыццё наступным пакаленням людзей на ўсёй постсавецкай прасторы. Ён таксама падкрэсліў, што сёння ёсць неабходнасць захавання гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Таксама з памятным днём былых воінаў павіншаваў ваенны і ваенна-паветраны аташэ амбасады Расіі ў Беларусі Кірыл Калючкін. Ён адзначыў важную ролю кожнага з прысутных у перамозе пад Сталінградам і падзякаваў ім за адвагу і мужнасць.

Участники битвы под Сталинградом

Сустрэўся з удзельнікамі бітвы пад Сталінградам і сусветна вядомы піяніст, народны артыст Расіі, заснавальнік дабрачынных фондаў Юрый Розум. Ён адзначыў, што маладое пакаленне павінна ведаць сваіх герояў і сваю гісторыю.

"Мы ўвесь час выхоўваем у дзецях патрыятызм на прыкладах нашых выбітных ваяроў. Мы робім усё, каб маладыя людзі былі вам удзячныя і памяталі пра вас. Нізкі паклон вам ад музыкаў і таленавітай моладзі", — заявіў ён, звяртаючыся да ветэранаў.

Посол России в Беларуси Александр Суриков и народный артист России, основатель благотворительных фондов Юрий Розум

Самі ўдзельнікі Сталінградскай бітвы былі рады ў чарговы раз сабрацца, каб адсвяткаваць важную ў іх жыцці дату. Яны распавядалі франтавыя гісторыі пра сябе і пра таварышаў, якія загінулі ў баях. Памяць тых, хто не дажыў да сённяшняга дня, ушанавалі хвілінай маўчання.

"Мы — абаронцы нашай радзімы, абаронцы Сталінграда. Сталінградская бітва стала пераломным момантам у гісторыі вайны. Нашы салдаты, афіцэры і генералы перамаглі вельмі моцную армію. Гонар і слава нашым воінам, якія перамаглі ў Сталінградскай бітве і ў Вялікай Айчыннай вайне. Дзякуючы ім мы захавалі мір", — заявіў у сваім звароце да таварышаў ветэран-удзельнік Сталінградскай бітвы Васіль Акімавіч Клімоўскіх.

Ветеран-участник Сталинградской битвы Василий Акимович Климовских

Сталінградская бітва была адной з ключавых у Другой сусветнай вайне і працягвалася 200 дзён і начэй — з 17 ліпеня 1942 года да 2 лютага 1943 года. Сустрэчы з ветэранамі, прысвечаныя перамозе ў ёй, напярэдадні памятнага дня прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі.