Абраз "Маці Божая Вастрабрамская" паказалі ў Вялікім тэатры

На адзін вечар тэатральная прастора стала месцам паломніцтва вернікаў.
Sputnik

МІНСК, 3 лют — Sputnik. Незвычайную выставу аднаго дня напярэдадні зладзілі ў Вялікім тэатры оперы і балета. Гасцям прадствілі ўнікальны помнік XIX стагоддзя — абраз "Маці Божая Вастрабрамская" — паведамілі пра яго гісторыю і нават дазволілі дакрануцца. Такім чыным, на адзін вечар тэатральная прастора пераўтварылася ў своеасаблівае месца паломніцтва вернікаў.

Адбылася такая трансфармацыя з нагоды балета "Страсці" (Рагнеда) Андрэя Мдзівані, які ў гэты дзень паказвалі на сцэне Вялікага тэатра. Спектакль расказвае пра падзеі тысячагадовай даўніны, пра старажытны Полацак і князёўну Рагнеду, пра трагедыю першага вадохрышча і пра веліч сапраўднай веры. Менавіта таму з'яўленне абраза ў сценах тэатра набыло такую сімвалічнасць.

Абраз "Маці Божая Вастрабрамская" ў Вялікім тэатры оперы і балета

Звычайна абраз  захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук. Унікальны помнік патрапіў сюды з касцёла ў Кобрыне. Абраз з'яўляецца спісам ці па-іншаму копіяй цудадзейнага абраза "Божай Маці Вастрабрамскай", які зараз знаходзіцца ў Вільнюсе.

Наконт паходжання гэтага абраза існуе некалькі версій. Адна з самых папулярных з'явілася, дзякуючы выданню Тэадора Нарбута. Ён піша, што абраз у Вільню прывёз князь ВКЛ Альгерд з горада Корсунь (зараз Херсон) падчас аднаго з ваенных паходаў у Крым у 1363 годзе. Князь падарыў ікону сваёй жонцы Ульяне, якая ахвяравала яе Свята-Троіцкаму манастыру. Мясцовасць каля манастыра займалі выключна праваслаўныя, таму яе называлі Вострым або Рускім канцом. З манастыра абраз перанеслі ў капліцу над Вострай Брамай, адкуль і пайшла яго назва.

Інсуе таксама версія, што Альгерд атрымаў абраз ад грэчаскага імператара Іаана Палеолага, калі той даведаўся, што Альгерд прыняў хрысціянства.

Абраз "Маці Божая Вастрабрамская" ў Вялікім тэатры оперы і балета

З даўніх часоў гэты абраз лічыцца цудадзейным. Менавіта таму, як рассказала  кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Флікоп, з яго і рабіліся спісы для іншых храмаў. Людзі верылі, што такія вось копіі забіраюць сабе частку гаючай сілы і таксама становяцца цудадзейнымі. Так і з'явіўся спіс, які ўбачылі госці Вялікага тэатра.

Абраз "Маці Божая Вастрабрамская" ў Вялікім тэатры оперы і балета

"Іканаграфія гэтага твора унікальная. Тут прадстаўлена Божая Маці, яна паўстае адна. Вось такіх абразоў існавала і існуе вельмі мала. Звычайна яна прадстаўлена разам з немаўлем. Доўгі час гэта з'яўлялася загадкай для навукоўцаў і крыніцай для навуковых даследванняў. Адна з версій заключаецца ў тым, што мастак напісаў эпізод Дабравесце, калі Божая Маці пачула вестку пра тое, што яна народзіць дзіця", — патлумачыла навукоўца.

Нягледзячы на тое, што не інсуе адзінства ў версіях пра паходжанне абраза, ікона, бясспрэчна, з'яўляецца важнай святыняй як для беларусаў, так і для літоўцаў.