Беларусь плануе абмеркаваць адмену віз з Калумбіяй

Сярод шэрагу пытанняў, якія плануецца абмеркаваць з прадстаўнікамі Калумбіі - павелічэнне экспарта на лацінаамэрыканскія рынкі.
Sputnik

МІНСК, 8 лют — Sputnik. Беларусь мае намер абмеркаваць пытанне бязвізавага рэжыму з Калумбіяй падчас рабочага візіта намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова ў лацінаамерыканскі рэгіён, заявіў у ходзе брыфінгу ў МЗС начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Лукашэнка паабяцаў працягнуць лібералізацыю візавага рэжыму

12-16 лютага Шастакоў наведае дзве краіны — Рэспубліку Калумбія і Рэспубліку Эквадор.

"Паміж Беларуссю і Эквадорам дзейнічае бязвізавы рэжым паездак грамадзян. Адпаведнае пагадненне было заключана ў 2014 годзе. Тэму ўзаемнай адмены візаў па ўсіх катэгорыях пашпартоў мяркуецца абмеркаваць у ходзе сустрэч Яўгена Шастакова з калумбійскімі партнёрамі", — распавёў Мірончык.

У ходзе візіта запланавана правядзенне кансультацый паміж МЗС, а таксама сустрэчы і перамовы ў органах дзяржкіравання, з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Сярод тэмаў, якія плануецца абмеркаваць, будзе і пытанне нарошчвання экспарта.

"Беларускі бок ставіць перад сабой задачу — нарасціць аб'ёмы і пашырыць наменклатуру паставак на іх рынкі", — распавёў Мірончык.

У цяперашні час на рынкі гэтых паўднёваамерыканскіх краін экспартуюцца ўгнаенні, металапрадукцыя і нафтапрадукты.