МІНСК, 8 лют — Sputnik. Пазнавальна-адукацыйны праект "Год пад знакам Скарыны. Я ў свеце графікі" пачне працу ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка 22 лютага.
На працягу года наведвальнікі музея ў рамках праекта будуць вучыцца друкарскаму майстэрству і стварэнню копій з кніг Францыска Скарыны.
"Дні беларускага пісьменства і тыя мерапрыемствы, якія прайшлі ў дні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, прадыктавалі неабходнасць свайго тэматычнага працягу", — пракаментавалі ў музеі ідэю ўзнікнення адукацыйнага праекта.
У гравёрнай майстэрні можна будзе пазнаёміцца з графічнымі тэхнікамі лінагравюры, ксілаграфіі, афорта. Наведвальнікі Мастацкай галерэі змогуць прыняць удзел у падрыхтоўцы друкаванай дошкі, самастойна папрацаваць на друкарскім станку, стварыць аўтарскую сямейную пячатку.
Акрамя таго, наведвальнікі галерэі змогуць паглядзець фільмы пра творчасць выдатных мастакоў-графікаў і сустрэцца з мастакамі на іх персанальных выставах у музеі.
Музей чакае жадаючых стаць уладальнікамі копій гравюр з кніг Скарыны з 22 лютага штодня, акрамя панядзелка.