Міжнародны фестываль нефільтраванага кіно пройдзе ў Мінску

Фестываль пачнецца 23 лютага ў пятніцу з пазаконкурснага паказу нефільтраванага кіно.
Sputnik

МІНСК, 12 лют – Sputnik. Міжнародны фестываль нефільтраванага кіно пройдзе ў Мінску 23-25 лютага.

Мінск прымае міжнародны фестываль у чацвёрты раз. У гэтым годзе фільмы пакажуць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, кінатэатры Velcom Cinema, культурным інкубатары Ок16, Музеі гісторыі беларускага кіно, у арт-прасторы "Мёд".

Адкрыты форум пластычных тэатраў "ПлаSтформа" пройдзе ў Мінску

Праграма фестывалю складаецца з конкурсных і пазаконкурсных паказаў. У конкурсную секцыю ўваходзяць гульнявыя, дакументальныя, анімацыйныя і эксперыментальныя фільмы. Упершыню будзе прадстаўлена беларуская праграма і секцыя віртуальнай рэальнасці (Вір).

Традыцыйнымі для фестывалю з’яўляюцца пазаконкурсныя паказы "нефільтраванага кіно", калі практычна любы аўтар можа паказаць сваю працу. У гледачоў жа ёсць магчымасць не толькі ўбачыць кіно, пакінуць водгукі, абмеркаваць убачанае, але і сустрэцца з аўтарамі.

У фестывале прадстаўлены працы гасцей з Аўстрыі, Бразіліі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Ірана, Канады, Малайзіі, Перу, Расіі, ЗША, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі.

Фестываль пачнецца 23 лютага ў пятніцу з пазаконкурснага паказу нефільтраванага кіно ў 19:00 у Музеі гісторыі беларускага кіно, а ўрачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца ў арт-прасторы "Мёд" у 21:30.

Падрабязней з праграмай фестывалю можна азнаёміцца на яго сайце.