Салон у стылі Ракако "Падарожжа па Еўропе" пройдзе ў Мінску

Гасцей чакаюць салонныя гульні XVIII стагоддзя, музычныя і танцавальныя дывертысменты і вытанчаны фуршэт.
Sputnik

МІНСК, 14 лют – Sputnik. Студыя гістарычнага танцу La Cаmargo запрашае ўсіх неабыякавых да галантнага стагоддзя наведаць першы салон у стылі Ракако, які адбудзецца ў Мінску 17 лютага.

Калядны баль у Мірскім замку

Тэмай салона стане падарожжа па Еўропе — займальная гісторыя, поўная авантур, адкрыццяў, цікавых знаёмстваў і свецкага бляску. Гасцей чакаюць зачараванне Францыі, моц Англіі, строгасць прускага двара і вольнасці Рэчы Паспалітай; магчыма, лёс завядзе і ў іншыя куткі Еўропы.

Цэнтральным элементам вечара будзе выступаць аднайменная гульня, спецыяльна вырабленая для салона. Акрамя таго, гасцей чакаюць:

  • салонныя гульні XVIII стагоддзя;
  • музычныя і танцавальныя дывертысменты;
  • танцы;
  • вытанчаны фуршэт;
  • а таксама некаторыя прыемныя сюрпрызы!

Нават калі вы зусiм не збіраецеся танцаваць, на мерапрыемстве знойдзецца мноства іншых цікавых спосабаў заняць сваю ўвагу.

Пры жаданні госці могуць бліснуць талентамі: у салоне будуць рады даць магчымасць для вакальнага або інструментальнага выступу, выразнай дэкламацыі, дэманстрацыі вытанчанага танца, а таксама для цікавага аповяду ў рамках тэмы салона. Усіх ахвотных просяць звязацца з арганізатарам.

Азнаёміцца з умовамі ўдзелу можна ў адпаведным абмеркаванні ва "УКантакце" ці на "Фэйсбуку".

Калі: 17 лютага з 16:00 да 20:00.

Дзе: вул. Куйбышава, 22 (зала "Версаль" фотастудыі "Мята").

Кошт удзелу: 45 руб.