Пайшла з жыцця народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ніжнікава працавала больш за 40 гадоў.
Sputnik

МІНСК, 15 лют – Sputnik. На 93-м годзе пайшла з жыцця народная артыстка СССР, прафесар кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Мікалаеўна Ніжнікава, паведамляецца на сайце акадэміі.

Тамара Ніжнікава – беларуская і савецкая оперная спявачка і педагог. Яна вырасціла не адно пакаленне вядучых салістаў музычных тэатраў і канцэртных арганізацый Беларусі. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (да 2001 года — Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага) Ніжнікава працавала больш за 40 гадоў.

Тамара Ніжнікава ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга (1955), Дружбы народаў (1985), Францыска Скарыны (2001); медалямі "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна" (1970), "Ветэран працы" (1984); Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета РСФСР (1966), Вярхоўнага Савета УССР (1975), Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР (1975), Вярхоўнага Савета БССР (1954, 1971, 1983), Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1994).

Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі глыбока смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Тамары Ніжнікавай.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі 17 лютага (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 11:00 да 13:00.