У Беларусь ідуць маразы

Паніжэнне начных тэмператур да -19..-20°C у асобных раёнах здарыцца з-за халодных паветраных мас, якія з серады пачнуць паступаць з поўначы Еўропы.
Sputnik

МІНСК, 20 лют — Sputnik. Паніжэнне тэмпературы паветра чакаецца ў бліжэйшыя дні ў Беларусі, паведамілі ў Гідраметцэнтры.

У аўторак надвор'е будзе вызначаць вільготная паветраная маса, якая паступае з Балтыйскага мора. Чакаюцца месцамі невялікі снег і тэмпература паветра ноччу да —4..—10°С (пры праясненнях —11..-13°С), днём будзе —5..+1°С.

Істотна пахаладае з серады. У сярэдзіне тыдня, па прагнозах сіноптыкаў, на тэрыторыю Беларусі пачнуць паступаць халодныя паветраныя масы з поўначы Еўропы. У выніку тэмпература паветра апусціцца ноччу да —7..—13°С, па паўночным усходзе да —15°С (пры праясненнях —16..—19°С). Днём будзе —3..—8°С. Крыху цяплей будзе па паўднёвым захадзе: максімальная тэмпература паветра днём 0..—2°С. Акрамя таго, на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаецца кароткачасовы снег, на асобных участках дарог галалёдзіца.

У чацвер таксама пройдзе невялікі кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Ноччу стане яшчэ халадней: да —8..—14°С, па паўночным усходзе —15..—18°С (пры праясненнях —19..-20°С). Днём сіноптыкі прагназуюць максімальна —4..-9°С, па паўднёвым захадзе краіны ноччу —4..—7°С; днём —1..—3°С.