Беларускія мужчыны ў лічбах: напярэдадні 23 лютага Белстат адкрыў усю праўду

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны Белстат распавёў, дзе жыве большасць мужчын, чым займаецца і калі ўступае ў шлюб.
Sputnik

МІНСК, 21 лют — Sputnik. Мужчын у Беларусі па-ранейшаму менш, чым жанчын, канстатуе ў спецыяльна падрыхтаваным аглядзе да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Нацыянальны статыстычны камітэт.

Прычым удзельная вага мужчын на працягу ўжо досыць працяглага перыяду застаецца нязменнай — 46,6%. У абсалютных лічбах гэта 4 мільёна 422 тысячы — столькі мужчын, па папярэдніх дадзеных, налічылі ў Беларусі на пачатак 2018 года.

Абаронцаў айчыны бясплатна пусцяць у мінскі заапарк 23 лютага

Для жыцця большасць мужчын выбірае ўсё ж такі горад. У гарадах жыве тры чвэрці мужчынскага насельніцтва краіны. Прычым кожны пяты жыве ў Мінску.

Працаздольныя мужчыны ў пераважнай большасці працуюць — больш за 80% з іх занятыя ў эканоміцы. Прычым сярэдні ўзрост працаўладкаваных мужчын складае 40,2 года.

Запатрабаванымі пераважна ў мужчын застаюцца такія віды дзейнасці, як "будаўніцтва", "транспартная дзейнасць, складаванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць", "сельская гаспадарка", "прамысловасць", "інфармацыя і сувязь".

Больш за 66 тысяч мужчын у мінулым годзе рызыкнулі ажаніцца. Пры гэтым большасць з іх — каля 47 тысяч — ажаніліся ўпершыню.

У Белстаце падкрэслілі, што ствараюць сем'і беларускія мужчыны пераважна ў 20-29 гадоў. Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб мужчын у 2017 годзе склаў 27,9 года, паўторны — 41,2 года.