МІНСК, 21 лют — Sputnik. Прэзентацыя калекцыі малюнкаў Іагана Крыстафа Бротцэ адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы iмя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi 20 лютага. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з Пасольствам Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Акадэмічнай бібліятэкай Латвійскага ўніверсітэта. Выстава прымеркаваная да 100-гадовага юбілею Латвіі. На адкрыцці выставы бібліятэкі паднеслі адна адной у дар кнігі.
Выстава малюнкаў Бротцэ ў Мінску планавалася з 2014 года і за чатыры гады паспела пабываць у беларускім Падзвінні, а таксама у Полацку і Віцебску. Па словах дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Грушы, ён рады, што калекцыю малюнкаў першымі ў Беларусі ўбачылі менавіта гэтыя рэгіёны, бо яны гістарычна і культурна цесна звязаны з Латвійскай Рэспублікай. Галоўным пытаннем, на якое можа адказаць выстава, мяркуе Аляксандр Груша, з'яўляецца тое, як людзі ХVIII стагоддзя глядзелі на свет і як менавіта хацелі яго паказаць.
— Стыль ў Бротцэ такі, што яго малюнкі маюць фактаграфічны характар. Вельмі шмат істотных дэталяў, якія да нас не даносіць ніводная гістарычная крыніца, — сказаў Аляксандр Груша.
Гэтыя дэталі асабліва каштоўныя для гісторыка, паколькі прадстаўленыя на выставе малюнкі — не толькі вобраз навакольнага свету, але і сапраўдная дакументальная крыніца па гісторыі канца ХVIII — пачатку ХIХ стагоддзя.
Ганаровы госць бібліятэкі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс пагадзіўся з Грушам і дадаў, што ў большасці людзей прадстаўленне аб мінулым складваецца па гістарычных кнігах і раманах.
Малюнкі Іагана Бротце прадастаўляюць бясспрэчныя факты існавання будынкаў і прадметаў, якія не захаваліся да нашых дзён. Таксама пасол адзначыў, што гэта ўжо другі раз, калі ён прысутнічае на падобнай цырымоніі, і ён вельмі рады супрацоўніцтву гэтых двух бібліятэк, а таксама супрацоўніцтву з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вента Кoцэрэ у сваю чаргу згадала, што выстава малюнкаў на працягу чатырох гадоў, пакуль не ўдавалася прывезці яе ў Мінск, не стаяла на месцы, і распавяла, што яна пабывала ў многіх краінах свету: Эстоніі, Літве, Расіі, Грузіі, Украіне, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Чэхіі, Фінляндыі, Ізраілі, Аўстрыі і Германii. Паводле яе слоў, магчымасць для мінчукоў пазнаёміцца з культурнай спадчынай Латвіі вельмі важная, так як Бротцэ зафіксаваў у сваіх малюнках і беларускія рэаліі — беларусаў, якія ходзяць па вуліцах Рыгі, перамаляваў гандлёвы дагавор паміж Рыгай, Полацкам і Смаленскам 1229 года.
Калекцыя малюнкаў Іагана Бротцэ — жамчужына Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Гэтая старадаўняя бібліятэка была заснавана ў ХVI стагоддзі і ніколі не спыняла сваю дзейнасць. Яна мяняла назву і месцазнаходжанне, але галоўныя ўнікальныя фонды захаваліся праз стагоддзі, яны праходзілі праз войны і пажары.
— Арыгінал мы ніколі не возім, гэтая выстава зробленая з копій, але яны вельмі якасныя і выглядаюць па фарбах, па колеры як арыгінал. І самае цікавае, што гэта было вельмі даўно — ХVIII — пачатак ХIХ стагоддзя, але малюнкі захаваліся такімі, як іх намаляваў Бротцэ, — распавяла Вента Кoцэрэ.
Праектамі лічбавання фондаў бібліятэкі кіруе Валдзіс Мазуліс, які, узяўшы слова, адзначыў, што аблічбоўка літаральна выратавала арыгіналы. Калекцыя малюнкаў Бротцэ была першай алічбаванай, паколькі яна з'яўляецца самай каштоўнай і запытваемай. Усе малюнкі былі аблічбаваныя ў максімальна даступнай якасці, паколькі яны маюць шмат дробных дэталяў.
— Бротцэ валодаў тэхнічным маляваннем. Калі гэты малюнак фармату А4, то надпіс на дзверах — 1 міліметр, — распавёў Мазуліс.
Пасля прэзентацыі выставы дырэктары дзвюх бібліятэк абмяняліся падарункамі.
— Гэтыя кнігі мы падбіралі вельмі старанна, улічваючы інтарэсы будучых чытачоў. У Рызе і наогул у Латвіі ёсць вялікая група беларусаў, але гэтым беларусам трэба нагадваць пра Беларусь, трэба нагадваць аб тым, што выдаецца на іх радзіме, у першую чаргу з пункту гледжання гісторыі, культуры, літаратуры і мовы, — распавёў Аляксандр Груша пра кнігі, якія будуць перададзеныя ў дар латвійскай бібліятэцы.
Гэтыя кнігі ўяўляюць сабой абагульняючыя даследаванні, гісторыю беларускай філасофскай думкі, таксама сярод іх знаходзіцца серыя, прысвечаная гарадам Беларусі, беларускаму нацыянальнаму касцюму.
Вента Кoцэрэ падзякавала дырэктару беларускай бібліятэкі і заўважыла, што калі яна вернецца ў Латвію, варта зрабіць другую прэзентацыю беларускіх кніг — у Рызе. Таксама яна выказала падзяку пасольствам Беларусі і Латвіі, без садзейнічання якіх перадача кніг была б немагчымая.
Пасля слова ўзяў экс-кіраўнік беларускага МЗС Пётр Краўчанка, які падзякаваў Венты Кoцэрэ за яе актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выставы і наладжванні сувязяў паміж бібліятэкамі і распавёў, чым латвійская бібліятэка можа быць цікавая для беларускіх даследчыкаў. Паводле яго слоў, там знаходзяцца ўнікальныя выданні з бібліятэкі Радзівілаў, і ў тым ліку адна кніга, якая належала Мікалаю Радзівілу Чорнаму.
— А што тычыцца незабыўнага Бротцэ, у нас таксама ёсць такі аналаг, праўда, больш сціплы, гэта Напалеон Орда, які жыў на 100 гадоў пазней, які не пакінуў нам 3000 малюнкаў, але пакінуў 200 літаграфій, выдадзеных у Варшаве, пакінуў сотню акварэляў, пакінуў такую спадчыну, якой мы таксама ганарымся. І па сутнасці Іаган і Напалеон — гэта духоўныя браты з розніцай у сто гадоў, якія змаглі ажыццявіць подзвіг, — падвёў вынік Пётр Краўчанка.
Праваслаўная царква на малюнках Бротце, якая не захавалася да нашых дзён, паводле яго слоў, гістарычны факт, яе мог наведваць бацька Скарыны і нават сам першадрукар, а адзін з Радзівілаў увогуле быў камендантам у Рызе.
Іаган Крыстаф Бротцэ нарадзіўся ў нямецкім Гёрлітцэ, вучыўся ў Лейпцыгскім і Вітэнбэрскім універсітэтах тэалогіі і філасофіі. У 1768 годзе прыбыў у Рыгу і год быў хатнім настаўнікам, а затым стаў педагогам у Рыжскім імператарскім ліцэі, дзе працаваў 46 гадоў.
Малюнкі Іагана Бротцэ, якіх налічваецца тры тысячы, уяўляюць сабой найважнейшыя сведчанні яго эпохі. Ён з фатаграфічнай дакладнасцю фіксаваў будынкі, людзей і краявіды, а акрамя таго, забяспечваў малюнкі тэхнічным тлумачэннем, якое магло займаць ад некалькіх радкоў да цэлых старонак. У апісаннях утрымліваюцца звесткі аб эканоміцы і кіраванні гарадоў, жыхарах і іх занятках, а творы ўяўляюць сабой старанна выкананыя малюнкі пабудоў, помнікаў, гербаў, адзення і нават пячатак і манет, поўныя самых дробных дэталяў.
У 2017 годзе калекцыя Іагана Бротцэ была ўключана ў Латвійскі нацыянальны рэестр праграмы ЮНЕСКА "Памяць міру".
Наведаць выставу можна да 30 сакавіка, яна працуе з панядзелка па пятніцу з 09:00 да 19:30.
Жадаючыя бліжэй пазнаёміцца з творамі Бротцэ могуць таксама зазірнуць на старонку 10-томнай калекцыі "Monumente…" у інтэрнэце.