У гасцях у Маленькага прынца: у тэатры "Кропка" новая гульнявая праграма

Гледачы спектакля змогуць сустрэцца са сваімі любімымі героямі, каб пагаварыць і пагуляць з імі, а таксама атрымаць "сувенірчыкі" і фатаграфіі.
Sputnik

МІНСК, 21 лют — Sputnik. У імерсіўным тэатры "Кропка" не любяць расставацца надоўга ні з казачнымі героямі, ні з гледачамі. Таму з 22 па 24 лютага "Кропка" запрашае на гульнявую праграму "У гасцях у Маленькага прынца".

Самалёт Маленькага прынца зноў "прыляцеў" у Мінск

"У канцы нашага спектакля Маленькі прынц ляціць на сваю планету, і мы не ведаем, што адбылося з ім далей. Памірыўся ён са сваёй сяброўкай Ружай і ці спадабаўся ёй баранчык? Як яны цяпер жывуць там, на далёкай планеце Б-612? Нам цікава даведацца, як разумеюць дружбу нашы гледачы і чаму навучыла іх гісторыя Маленькага прынца. Таму мы вырашылі арганізаваць так званую "сустрэчу сяброў": нашы гледачы змогуць сустрэцца са сваімі любімымі героямі, каб пагаварыць і пагуляць з імі, а таксама атрымаць "сувенірчыкі" і фатаграфіі", — распавяла рэжысёр тэатру Юлія Альшэўская.

Казку "Маленькі прынц" французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы любяць ва ўсім свеце і дзеці, і дарослыя. З часу першай публікацыі кнігу перавялі на 300 моў, а сукупны наклад твора склаў больш за 200 млн асобнікаў. На аснове гісторыі пра хлопчыка з астэроіда Б-612 год таму ў Мінску адбылася прэм'ера дзіцячага мультымедыйнага шоў "Маленькі прынц".