Наша школа фрыстайла - лепшая ў свеце: Ганну Гуськову сустрэлі ў Мінску

Золата Гуськовай на зімовых АГ пакуль адзінае ў скарбонцы зборнай Беларусі.
Sputnik

МІНСК, 22 лют — Sputnik. Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова разам са зборнай Беларусі па лыжнай акрабатыцы вярнулася на радзіму, паведамляе карэспандэнт Sputnik.

Беларускія фрыстайлісты Ганна Гуськова, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Антон Кушнір, Аляксандра Раманоўская, Ала Цупер, а таксама трэнерскі штаб пакінулі Пхенчхан і адправіліся ў Мінск напярэдадні. Рэйс з Абу-Дабі прыбыў у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 12:40. Беларускіх алімпійцаў сустракалі афіцыйныя асобы, заўзятары, сябры і родныя.

"Уся краіна з заміраннем сэрца сачыла за табой. Ты даказала, што наша школа фрыстайла — самая моцная ў свеце. Віншуем цябе і ўвесь калектыў, жадаем далейшых поспехаў", — сказаў віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч.

Гуськова заваявала залаты медаль у акрабатыцы 16 лютага. У галоўным фінале 25-гадовая беларуска набрала 96,14 бала. Другое месца заняла кітаянка Чжан Сінь (95,52), трэцяй стала яе суайчынніца Кун Фаньюй (70,14). Чэмпіёнка Гульняў 2014 года Цупер спынілася за крок ад п'едэстала.

У мужчын шанцы на медаль былі ў алімпійскага чэмпіёна 2014 года Кушніра, але з-за судзейства ён не змог адабрацца ў фінал, набраўшы ў лепшай спробе 121,27 бала. Беларусу не хапіла 0,45 бала, каб апярэдзіць швейцарскага спартоўца і пазмагацца ў вырашальным этапе за медалі Гульняў 2018. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым накіраваў пратэст у МАК Томасу Баху. Афіцыйнага адказу ад камітэта пакуль не было.