МІНСК, 22 лют – Sputnik. Традыцыйнае беларускае свята "Масленіцу" адсвяткавалі ў сталіцы Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія Кальяры, паведаміў Sputnik Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у г. Кальяры Джузэпэ Карбоні.
Свята прайшло па ініцыятыве Ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь, у ім прынялі ўдзел мясцовыя жыхары і беларускія артысты.
На свяце выступілі салісты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага ансамбля "Харошкі", на акардэоне граў Уладзімір Гінько, на цымбалах — Марыя Кучынская.
Вялікая аўдыторыя, якая складалася як з мясцовага насельніцтва Сардзініі, так і прадстаўнікоў постсавецкай дыяспары цёпла сустрэла ўдзельнікаў мерапрыемства.
У рамках свята прайшло святочнае шэсце па вуліцах раёна Марына ў Кальяры ў суправаджэнні музыкі, песень, танцаў, забаў, карагодаў і гульняў.
Больш за 50 невялікіх сувеніраў і памятных прызоў пасля ўручылі самым маленькім удзельнікам шэсця. Дзеці актыўна прымалі ўдзел у конкурсах, танцавалі, вадзілі карагоды і цешыліся іншымі забавамі, якія арганізавалі з нагоды свята.
На свяце можна было падзівіцца на традыцыйнае пудзіла Масленіцы і пакаштаваць бліноў: больш за 400 бясплатных пачастункаў раздалі наведвальнікам, валанцёры постсавецкай дыяспары.
Валанцёры добра падрыхтаваліся да свята: яні самі пяклі бліны, шылі касцюмы, рабілі дэкарацыі і, зразумела, прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі першых адкрытых гулянняў у гонар Масленіцы на Сардзініі.