МІНСК, 23 лют — Sputnik. Алімпійская чэмпіёнка Пхенчхана беларуская біятланістка Ірына Крыўко ўключана ў спіс кандыдатаў у камітэт спартсменаў Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU), паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.
Напярэдадні ў складзе беларускай жаночай зборнай па біятлоне Крыўко стала алімпійскай чэмпіёнкай у біятлоннай эстафеце.
Таемнае онлайн-галасаванне працягнецца да 15 сакавіка, вынікі будуць абвешчаныя на наступны дзень.
Разам з Крыўко на месца ў камітэце прэтэндуюць аўстрыйская спартсменка Катарына Інэрхофер, чэшка Ева Пушкарчыкава, швейцарка Аіта Гаспарын і амерыканка Клэр Ігэн.
Сярод мужчын у кандыдаты вылучаны аўстрыец Сымон Эдэр, чэх Міхал Крчмар, немец Эрык Лесэр, прадстаўнік Славеніі Клем Бауэр, Сербіі — Эдзін Ходжыч, швед Себасцьян Самуэльсан і пяціразовы алімпійскі чэмпіён Мартэн Фуркад.
IBU — міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае нацыянальныя федэрацыі і іншыя арганізацыі, якія прадстаўляюць біятлон. Нацыянальныя федэрацыі вылучылі 12 біятланістаў — пяць жанчын і сем мужчын. Прэтэндаваць на пападанне ў камітэт могуць толькі спартсмены, якія былі зарэгістраваныя ў якасці ўдзельнікаў першых трох этапаў Кубка свету ў бягучым сезоне.