МІНСК, 23 лют – Sputnik. Урачыстае адкрыццё выставы графікі Уладзіміра Васюка і керамікі Тамары Васюк "Суладдзе" адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка, паведамілі Sputnik у музеі.
Экспазіцыя выставы з’яўляецца часткай аўтарскага праекта "Лінія і форма" і ўключае каля 100 прац творчага дуэту, створаных у апошнія гады. Асноўная тэма творчасці майстроў – Бацькаўшчына, менавіта ёй і прысвечана выстава.
"Тамара і Уладзімір Васюк – дзве яскравыя творчыя індывідуальнасці, у кожнага з іх свая мастацкая мова, пластыка, аднак у тандэме яны дапаўняюць адзін аднаго", — расказалі ў музеі.
Тамара і Уладзімір нарадзіліся на Гомельшчыне і абодва скончылі Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, лаўрэаты шматлікіх прэмій у галіне мастацтва і культуры.
"Творы Тамары – увасабленне прыродных стыхій зямлі і агню, яны захоўваюць выразны след жывога дотыку. Яе кераміка, наўмысна нягладкая і неаднародная паверхня якой скрэслена лініямі, штрыхамі, у некаторай ступені "графічная". У працах Уладзіміра Васюка адчуваецца халаднаваты подых невымоўнага, магутнасць стыхій паветра і вады. Мастак стварае на плоскасці аркуша ілюзію аб’ёма, нібыта "вылеплівае" шматвымерную прастору", — расказалі пра творчы дуэт у музеі.
Урачыстае адкрыццё выставы "Суладдзе" адбудзецца 28 лютага а 18-й гадзіне ў вестыбюлі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Выстава будзе доўжыцца да 25 сакавіка.