МІНСК, 26 лют — Sputnik. Зімовае надвор'е са снегам і марозам захаваецца на бягучым тыдні, расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Па прагнозах сіноптыкаў, у аўторак чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, у асобных раёнах краіны пройдзе снег. У начныя і ранішнія гадзіны тэмпература паветра апусціцца ад —18 да —24°С, пры праясненнях месцамі да —29°С. Па паўднёвым захадзе чакаецца —13..-17°С. Днём у Беларусі будзе ад —9 да —15°С.
У сераду ў начны час па паўднёва-ўсходняй частцы пройдзе снег. Днём ападкі чакаюцца па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. У асобных раёнах, па прагнозах сіноптыкаў, будзе парывісты вецер і мяцеліца. Ноччу тэмпература паветра ў паўднёвай частцы краіны складзе —13°С, па поўначы 23°С ніжэй за нуль. Днём у Беларусі будзе ад —9 да —15°С.
У чацвер, у першы дзень вясны, у многіх раёнах краіны пройдзе снег, месцамі — завіруха, распавялі ў Белгідрамеце. У начны час тэмпература паветра складзе ад 13 да 19°С марозу, па поўдні да —12°С. Днём тэмпература прагназуецца ад —7 да —12°С.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца кароткачасовы снег. Захаваецца галалёдзіца на асобных участках дарог. Ноччу тэмпература паветра складзе ад 10 да 16°С ніжэй за нуль, днём — ад 5 да 11°С са знакам мінус.