МІНСК, 28 лют — Sputnik. Нячастую аптычную з'яву маглі назіраць мінчане мінулай ноччу — гіганцкае месяцовае гало.
Фатаграфіі гало жыхары сталіцы пачалі выкладваць у сацыяльныя сеткі позна ўначы.
Гало, як правіла, узнікае вакол магутных крыніц святла — у асноўным гэта сонца або месяц. З'ява адбываецца з-за ледзяных крышталяў у пёрыстых воблаках на верхніх пластах трапасферы. У выніку адбіцця і праламлення крышталямі святло часта надае гало вясёлкавае адценне.
У розны час гало прыпісваліся тыя ці іншыя містычныя значэнні, яно, у прыватнасці, неаднаразова згадваецца ў розных летапісах і хроніках. Згодна з народнымі прыкметамі з'яўленне гало вядзе да змены надвор'я: так, зімой пры моцных маразах гэта азначае пацяпленне.