Сын Дэвіда Боўі выкарыстаў песні гурта J:Морс у сваім фільме "Нямы"

Акрамя песень беларускіх музыкаў, у фільме таксама гучаць кампазіцыі Дэвіда Боўі, Піліпа Гласса, а таксама гурта Nirvana.
Sputnik

МІНСК, 28 лют — Sputnik. Фрагменты песень беларускага гурта J:Морс гучаць у фантастычным фільме Дункана Джонса "Нямы", які выйшаў на экраны некалькі дзён таму.

"Здаецца, гэта добрая навіна", — напісалі ў афіцыйным акаўнце гурта ў Facebook.

Лепшыя песні J:Морс прагучаць у сімфанічных аранжыроўках

Дункан Джонс — сын Дэвіда Боўі, ён таксама зняў упадабаныя многімі фільмы "Зыходны код", "Варкрафт" і "Месяц 2112". Дзеянне яго новага фільма разгортваецца ў Берліне ў 2052 годзе. Па сюжэце, каханая галоўнага героя фільма — нямога бармэна Леа — гіне, а ён сам праводзіць дэтэктыўнае расследаванне ў крымінальным свеце, спрабуючы знайсці вінаватага.

Дзве кампазіцыі J:Морс — "Босиком по мостовой" і "Айсберги" — гучаць у слухаўках галоўнага гангстэра кінастужкі Максіма, які валодае начным клубам, дзе разгортваюцца падзеі фільма. У карціне таксама выкарыстана музыка Дэвіда Боўі, Піліпа Гласса, гурта Nirvana і іншых выканаўцаў.

Эксклюзіўныя правы на паказ фільма "Нямы" належаць Netflix — аднаму з найбуйнейшых сусветных анлайн-сэрвісаў для прагляду кіно і серыялаў. У фільме сына Дэвіда Боўі зняліся Джасцін Тэру ("Дзяўчына ў цягніку"), Аляксандр Скарсгард ("Меланхолія"), Пол Радд ("Чалавек-мурашка") і іншыя акцёры.