Памёр гісторык Георгій Штыхаў

Менавіта ён даказаў, што Полацкае княства было незалежнай дзяржавай са сваімі тэрыторыямі, войскам і дынастыяй.
Sputnik

МІНСК, 3 сак — Sputnik. Учора ўвечары ва ўзросце 90 гадоў пайшоў з жыцця доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Штыхаў, аб гэтым паведаміў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" вядомы беларускі гісторык Сяргей Тарасаў.

Інфармацыю падцвердзіў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч. Дата пахавання пакуль невядомая.  

Георгій Штыхаў пачынаў свой працоўны шлях як настаўнік у Гродзенскай і Гомельскай абласцях, але праз некаторы час актыўна заняўся гісторыяй. Капаў і даследваў Полацк, Віцебск, Мінск і іншыя беларускія гарады. Менавіта Штыхаў даказаў, што Полацкае княства, якое сфармавалася ў ІХ-ХІІ стагоддзях, уяўляла сабой незалежную дзяржаву з сваімі тэрыторыяй і войскам, а таксама з сваёй дынастыяй.

Працаваў у Акадэміі навук і па выніках сваіх даследванняў падрыхтаваў каля паўтара дзесятка кніг, сярод якіх "Археолагі дапаўняюць летапісцаў", "Гарады Беларусі па летапісах і раскопках (IX-XIII стст.)", "Гарады Полацкай зямлі (IX-XIII стст.)" і "Старажытна Полацк".