МІНСК, 3 сак — Sputnik. Рыхтуецца да выдання кніга пра гісторыю фарміравання польскага войска ў Беларусі ў 1918, 1919-1920-х гадах, зараз ідзе краудфандынгавая кампанія па збору сродкаў, паведаміў Sputnik гісторык Ігар Мельнікаў.
Аўтар падкрэсліў, што гісторыя "мяцежу корпуса Доўбар-Мусніцкага" па сёння не вывучана ў беларускай гістарыяграфіі, таму выданне з'яўляецца першым комплексным даследваннем тэмы.
"Галоўная мэта гэтага выдання — распавесці чытачам гісторыю стварэння і дзейнасці Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі, апісаць тыя факты, пра якія раней не ўзгадвалі айчынныя даследчыкі і навукоўцы. Перыяд, калі гэтая вайсковая фармацыя знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны, адзін з ключавых у беларускай гісторыі", — падкрэсліў Ігар Мельнікаў.
Па яго словах, асобая ўвага ў кнізе нададзеная Бабруйскай крэпасці. Акрамя цікавых фактаў, у выданні можна будзе знайсці больш за 300 здымкаў, якія дагэтуль не публікаваліся ў Беларусі.
"Вельмі спадзяюся, што кніга, якую чытач трымае ў руках, дапаможа яму ліквідаваць яшчэ адну "белую пляму" ў ведах па айчыннай гісторыі, звязаную з гісторыяй Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі. Веру, што гэтая праца паспрыяе развіццю цікавасці да мінуўшчыны Бабруйска і цытадэлі на Бярэзіне", — дадаў гісторык.