Галоўная кінастудыя краіны атрымала новага кіраўніка

Замест Ігара Поршнева кіраваць "Беларусьфільмам" будзе Уладзімір Карачэўскі - экс-дырэктар тэатра беларускай драматургіі.
Sputnik

МІНСК, 5 сак — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў на пасаду генеральнага дырэктара кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзіміра Карачэўскага, паведамілі ў панядзелак у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Фільмы з дзяржпадтрымкай абавяжуць здымаць на базе "Беларусьфільма"

Чуткі аб магчымым сыходзе Ігара Поршнева з пасады гендырэктара "Беларусьфільма" хадзілі з другой паловы лютага, аднак на самой кінастудыі іх абвяргалі. Нарэшце 5 сакавіка стала вядома, што гэтыя размовы былі не беспадстаўныя.

Прэзідэнт у панядзелак узгадніў прызначэнне новага гендырэктара "Беларусьфільма" — ім стане Уладзімір Карачэўскі, ён зменіць на пасадзе Поршнева.

Карачэўскі нарадзіўся 4 чэрвеня 1970 года ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў музычнай вучэльні, БДУКМ па спецыяльнасці "рэжысура народных абрадаў і свят", затым працаваў настаўнікам музыкі і спеваў.

Карачэўскі працаваў кіраўніком аддзела культуры адміністрацыі Савецкага раёна, узначальваў упраўленне культуры Мінгарвыканкама, працаваў першым намеснікам міністра культуры краіны. З 2014-га ўзначальваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Карачэўскі жанаты, мае дзяцей.

"Беларусьфільм" на мінулым тыдні патрапіў у навіны — аднак не ў рубрыку "культура", а ў "здарэнні". Тады кінастудыю затапіла з-за прарыву трубы, а супрацоўнікі пачалі скардзіцца на мінулую рэканструкцыю. На калегіі ведамства студыю раскрытыкавалі і запатрабавалі ствараць якасны нацыянальны кінапрадукт.