Галоўны трэнер беларускіх грацый Ірына Ляпарская прызналася, што вельмі доўгі час чакала моманту, калі спартсменкі-"мастачкі" абзавядуцца ўласным будынкам для трэніровак і падрыхтоўкі да спаборніцтваў.
"Мы вельмі доўга гэтага чакалі. Я сама ўсё гэта малявала і сто разоў ужо бачыла ў сне. Мы ўвайшлі сюды з пазітыўнымі думкамі і добрым настроем, і кіраўніку дзяржавы гэта перадалося, а яго настрой перадаўся нам. Я вельмі ўдзячная Аляксандру Рыгоравічу, ён вельмі пазітыўна хадзіў па ўсіх паверхах і кабінетах, і адчувалася, што яго таксама перапаўняе і шчасце, і гонар ", — сказала Ляпарская.
Трэнер таксама выказала падзяку будаўнікам, якія ўзвялі будынак у неймаверна кароткія тэрміны: на ўсе працы спатрэбілася крыху больш за год.
"Чакалі мы вельмі доўга — 20 гадоў, але пабудавана за год — гэта неверагодна. І пабудавана на вышэйшым узроўні. Усе механізавана, усё на кнопачках, там апускаецца, тут падымаецца. І ўсё беларускае, акрамя дываноў", — распавяла Ляпарская.
Як прызналася трэнер, канчатковага пераезду прыйдзецца ледзь-ледзь пачакаць — зараз ідзе юрыдычная фаза. Пры гэтым групы пачатковай падрыхтоўкі застануцца на звыклых месцах.
"Групы пачатковай падрыхтоўкі пакуль застануцца на Даўмана. Усе школы застануцца на месцах, мы забіраем толькі лепшых, самых перспектыўных і будзем чакаць папаўнення ад школ кожны год. Мы будзем для гэтага жыць, шукаць таленты і гадаваць з іх непераможных, мы зробім усё магчымае і яшчэ ледзь-ледзь", — сказала Ляпарская.
Акрамя таго, галоўны трэнер беларускіх "мастачак" распавяла пра тое, што адчувае чалавек, калі спраўджваецца галоўная мара яго жыцця.
"Можа, адна мая мара спраўдзілася, але там пры ўваходзе ёсць далонька, да якой кожная дзяўчынка можа прыкласці ручку. Гэта далонька, дарэчы, Марыны Вікенцьеўны Лобач, алімпійскай чэмпіёнкі. І ў кожнай з дзяўчынак ёсць свая мара, і дзеля кожнай мары выхаванак мы будзем жыць ", — сказала Ляпарская.
Гутарку з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірынай Ляпарскай слухайце на радыё Sputnik Беларусь.