Прыгажосць слоў і стылю: у музеі Коласа прайшоў паказ модных калекцый

Модныя калекцыі прадэманстравалі студэнты і выкладчыкі Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Sputnik

МІНСК, 7 сак – Sputnik. Імпрэза "100 гукаў вясны", прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня, адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Наведвальнікі палюбаваліся на вытанчаныя сукенкі ад беларускіх дызайнераў, паслухалі вершы і музыку.

Артыст і рэжысёр радыё Алег Вінярскі чытае верш Якуба Коласа

Дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская адзначыла, што хоць у доме паэта часта праходзяць літаратурныя і музычныя вечары, напярэдадні свята 8 Сакавіка яны ўпершыню аб'ядналі паэзію, музыку і моду, і выказала надзею, што падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і далей.

Модныя калекцыі прадэманстравалі студэнты і выкладчыкі Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працы сваіх студэнтаў прэзентавала загадчык кафедры дызайна моды, кандыдат мастацтвазнаўства Алена Атраховіч. Яна працытавала словы знакамітага амерыканскага дызайнера беларускага паходжання Ральфа Ларэна: "Мода — гэта не лэйблы, не пра лэйблы і не пра брэнды, гэта пра нешта, што ўнутры, таму я ствараю не касцюмы — я ствараю мару".

Загадчык кафедры дызайна моды, кандыдат мастацтвазнаўства Алена Атраховіч

Кафедра дызайна моды зусім маладая – яна з’явілася толькі ў 2017 годзе, але ўжо праз паўгода навучання студэнты здолелі прадставіць уласную калектыўную калекцыю, кіраўнікамі якой з'яўляюцца выкладчыкі кафедры, дызайнеры Валерыя Крыса і Марына Фаміна.

Студэнты кафедры дызайна моды Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Алена Атраховіч расказала, што вучыцца на кафедру прыйшлі не толькі выпускнікі тэхнічных каледжаў, але і хлопцы і дзяўчаты, якія ўвогуле ўпершыню бачылі швейную машынку.

Кожны навучэнец павінен сам прыдумаць, намаляваць эксклюзіўную мадэль, самастойна стварыць канструкцыю і потым бездакорна пашыць яе

Напрыканцы навучання, а мабыць і раней, кожны з іх прадставіць уласную калекцыю.

У наступным годзе, па словах загадчыка кафедры, самыя здольныя студэнты ўжо могуць паўдзельнічаць у падзеі рэспубліканскага маштабу - "Млыне моды"

У наступным годзе, па словах загадчыка кафедры, самыя здольныя студэнты ўжо могуць паўдзельнічаць у падзеі рэспубліканскага маштабу — "Млыне моды".

Алена Атраховіч адзначыла, што галоўная задача кафедры – навучыць студэнтаў ствараць мадэлі ад эскіза да ўвасаблення: кожны навучэнец павінен сам прыдумаць, намаляваць эксклюзіўную мадэль, самастойна стварыць канструкцыю і потым бездакорна пашыць яе.

Модныя паказы перарываліся чытаннем вершаў Якуба Коласа і музыкай у выкананні маленькага "Сымонкі": у гэтым годзе спаўняецца 100 год выданню паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка".

Другакласнік Іван выступіў у ролі Сымона-музыкі

Уласныя модныя калекцыі прадставілі і выкладчыкі кафедры дызайну моды. У калекцыі Валерыі Крысы "Вясёлка Хемшына" беларускія традыцыі сустрэліся з турэцкім каларытам.

Калекцыя выкладчыка кафедры дызайна моды Валерыі Крысы "Вясёлка Хемшына"

Маленькія мадэлі ўпэўнена дэманстравалі ўборы, пазіравалі перад фота- і тэлекамерамі, усміхаліся, пляскалі і відавочна былі задаволеныя ўвагай шматлікіх гледачоў.

Гледачы замілавана ўсміхаюцца
Калекцыя Валерыі Крысы "Peri"
Маленькія мадэлі ўпэўнена дэманстравалі ўборы

Калекцыя Марыны Фаміной уразіла гледачоў ручной вышыўкай.

Уборы ўразілі гледачоў ручной вышыўкай
Калекцыя Марыны Фаміной "Спадчына"

Па-майстэрску аздобленыя касцюмы дэманстравалі дарослыя мадэлі, якія з запалам прытанцоўвалі падчас паказу.