Домрачава выйграла золата ў спрынце ў Кантыялахці

Спартсменка дапусціла на двух агнявых рубяжах толькі адзін промах і паказала добрую хуткасць у ходзе гонкі.
Sputnik

МІНСК, 10 сак — Sputnik. Тытулаваная беларуская біятланістка Дар'я Домрачава стала першай у ходзе спрынтарскай гонкі, якая прайшла ў пятніцу, 9 сакавіка, у фінскім Кантыялахці ў рамках Кубка свету, перадае Sputnik.

Чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка паказала добрую хуткасць і дапусціла на двух агнявых рубяжах толькі адзін промах. Другое месца — у нямецкай біятланісткі Францыскі Хільдэбранд, яна не дапусціла промахаў і фінішавала ўсяго ў паўсекунды ад Домрачавай. Трэцяе месца — у італьянкі Лізы Вітоцці, яна прайграла лідару 5,5 секунды і дапусціла адзін промах.

У спрынце ўдзельнічалі і іншыя прадстаўніцы зборнай Беларусі. Надзея Скардзіна адстралялася па мішэнях без промахаў, але фінішавала толькі 11-й, Ірына Крыўко, якая таксама паказала выдатную меткасць, скончыла гонку 15-й, Дынара Алімбекава з адным промахам стала 45-й.

Перамога Дадо стала 31-й у кар'еры спартсменкі, па гэтым паказчыку яна выйшла на трэцяе месца. Узначальвае гістарычную табліцу шведка Магдалена Форсберг (42 перамогі), яе цёзка, немка Магдалена Нойнер, апярэджвае Домрачаву толькі на тры перамогі.

Кантыялахці прыме яшчэ супермікст і змешаную эстафету — яны пройдуць у суботу. Завершыцца этап мас-стартам, які пройдзе ў нядзелю.