Грошы на выданне апошняй вялікай працы Анемпадыстава збіраюць у Беларусі

У кнізе расказваецца пра гісторыю колераў, іх распаўсюджванне па тэрыторыі Беларусі, спалучэнні і сімвалічнае значэнне.
Sputnik

МІНСК, 12 сак – Sputnik. Другое выданне кнігі "Колер Беларусі" мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава збіраюцца зрабіць у Беларусі, грошы на гэта збіраюць на краўдфандынгавай платформе.

Кнігі Алексіевіч выдадуць на беларускай мове без цэнзарскіх правак

Кніга выйшла ў 2017 годзе лімітаваным тыражом. "Колер Беларусі", па словах аўтара праекта, адна з першых спробаў візуалізаваць каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці. Гэту кнігу называюць "самай незвычайнай энцыклапедыяй" пра Беларусь. У альбоме змешчана 120 высокаякасных фотаграфій, якія дэманструюць галоўныя беларускія колеры і іх распаўсюд і ўплыў на тэрыторыі Беларусі. Аўтар прыводзіць звесткі пра гісторыю колераў, іх спалучэнні і сімвалічнае значэнне.

Акрамя таго, гаворыцца ў праекце, кніга мае практычную вартасць і можа стаць дапаможнікам для рэкламістаў, дызайнераў, мастакоў, архітэктараў.

Дызайнерскі альбом "Колер Беларусі" з’яўляецца апошняй вялікай працай дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, якога таксама называюць адным са стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Яго вершы былі пакладзены на музыку і ўвайшлі ў рэпертуар Касі Камоцкай і гурта "Новае Неба", калектыву N.R.M., Змітра Вайцюшкевіча, гурта IQ48. Ён быў аўтарам канцэпцыі знакамітага "Народнага альбома", які запісалі ў 1997 годзе. Гэты альбом Анемпадыстаў называў сваім галоўным дасягненнем у жыцці.

Міхала Анемпадыстава не стала 24 студзеня 2018 года.