МІНСК, 14 сак — Sputnik. Сусветна вядомы англійскі фізік-тэарэтык і папулярызатар навукі Стывен Уільям Хокінг памёр на 77-м годзе жыцця ў сваім доме ў Кембрыджы, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Хокінг атрымаў шырокую вядомасць пасля таго, як у 1988 годзе выйшла яго навукова-папулярная кніга "Кароткая гісторыя часу", якая стала бэстсэлерам. Яна разышлася 10-мільённым накладам і была перакладзеная на дзясяткі моў свету.
Асноўнай вобласцю дзейнасці Хокінга была касмалогія і квантавая гравітацыя, галоўны навуковы вынік працы фізіка звязаны з апісаннем выпраменьвання чорных дзір. У сваёй дзейнасці вучоны таксама шмат увагі надаваў і такім актуальным праблемам чалавецтва, як глабальнае пацяпленне, стан навакольнага асяроддзя і сацыяльная няроўнасць. За час свайго жыцця ён выдаў шэраг навукова-папулярных кніг, такіх як "Кароткая гісторыя часу", "Чорныя дзіры і маладыя сусветы", "Свет у арэхавай шкарлупіне".
Большую частку жыцця фізік правёў у інвалідным крэсле. У 1963 году Хокінгу, якому было тады 22 гады, быў пастаўлены дыягназ бакавы аміятрафічны склероз (БАС). Па прагнозах медыкаў, жыць яму заставалася два-тры гады. Аднак вучоны працягнуў праводзіць навуковыя даследаванні, быў двойчы жанаты і меў траіх дзяцей.
Будучы цалкам паралізаваным, Хокінг пры гэтым вёў актыўнае жыццё — займаўся навукай, выкладаў, выступаў з дакладамі, выкарыстоўваючы для зносін кампутарны сінтэзатар гаворкі.