МІНСК, 15 сак — Sputnik. Паромная пераправа звяжа Жыткавічы і Тураў пасля дваццатага сакавіка, такую заяву ў чацвер на пасяджэнні Савміна зрабіў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.
Пасля выяўлення расколін у мосце паміж Жыткавічамі і Туравам у снежні мінулага года камунікацыя паміж населенымі пунктамі прыкметна ўскладнена. Зараз на Прыпяці ўзведзены пантон, аднак у крыгаход ён увесь час знаходзіцца пад пагрозай "зрыву".
"У 20-х чыслах дадаткова ўсталюем паромную пераправу, якая будзе працаваць увесь перыяд да ўстаноўкі моста", — заявіў у чацвер Калінін.
Урад і прэзідэнт даручылі адкрыць рух па абноўленаму мосце праз Прыпяць ужо ў лістападзе гэтага года. Многія працы вядуцца ўжо сёння — у тым ліку па змяненні рэчышча ракі. Плануюць арганізаваць і дублюючую сістэму пераправы.
З-за руху лёду ў канцы сакавіка будзе разглядацца пытанне аб зняцці пантоннай пераправы — у гэты час для мясцовых жыхароў ужо павінен працаваць паром. Улетку ж абяцаюць захоўваць і пантон, і паром.
У выпадку складаных умоў надвор'я, калі немагчымая ні перавозка грамадзян на катэрах, ні праца пантону, шматлікім мясцовым жыхарам даводзіцца або дабірацца з Жыткавіч у Тураў і назад у аб'езд (дарога ў адзін бок займае амаль чатыры гадзіны), або рызыкаваць жыццём і перабягаць аварыйны мост.