Беларусь захоўвае восьмае месца ў агульным медальным заліку Паралімпіяды

На рахунку беларускіх атлетаў ужо дзесяць медалёў: тры золата, чатыры срэбра і тры бронзы.
Sputnik

МІНСК, 16 сак — Sputnik. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца на восьмым радку агульнага медальнага заліку Паралімпіяды ў Пхенчхане, першынство захоўваюць спартсмены з ЗША, паведамляе Sputnik.

Чарговы медаль прынесла Беларусі спартсменка Лідзія Графеева, якая заняла ў біятлоннай гонцы на дыстанцыі ў 12,5 кіламетраў для атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата трэцяе месца.

Беларускія паралімпійцы паспяхова выступаюць на Гульнях у Пхенчхане. Спартыўныя чыноўнікі разлічвалі ўсяго на пяць узнагарод, але ўжо на дадзены момант на рахунку Беларусі дзесяць медалёў: тры залатыя, чатыры срэбныя і тры бронзавыя.

Сёння медальная скарбонка Беларусі можа папоўніцца яшчэ адной узнагародай: на старт біятлоннай гонкі для атлетаў, якія слаба бачаць, на дыстанцыі 15 кіламетраў выйдзе беларус Васіль Шапцябой.

Зараз першае месца ў медальным заліку Паралімпіяды 2018 захоўвае ЗША з 23 медалямі. На другім месцы — расійскія спартсмены, якія выступаюць пад нейтральным сцягам, у іх 19 узнагарод. Трэці радок займаюць паралімпійцы з Германіі, на іх рахунку 14 медалёў.