МІНСК, 23 сак — Sputnik. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала лічбавую копію першага"Буквара" з каралеўскай бібліятэкі Даніі. У гэтым годзе выданне святкуе 400-гадовы юбілей.
Як паведаміў карэспандэнту Sputnik намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша, першая у свеце кніга пад назвай "Буквар" з'явілася 24 жніўня 1618 года. Зараз яе арыгіналы захоўваюцца толькі ў дзвюх бібліятэках свету — у Лондане і Капенгагене.
Спецыяліст падкрэсліў, што "ў Даніі знаходзіцца не поўны, хаця і вельмі добра захаваны асобнік".
Нацыянальная бібліятэка доўгі час вяла перамовы са сваімі калегамі з Даніі, у выніку чаго і атрымалася зрабіць якасную лічбавую копію выдання. У бліжэйшы час яго можна будзе ўбачыць і на сайце галоўнай бабліятэкі Беларусі.
"Гэта знакавая кніга, першая для ўсіх нас: з "Буквара" зараз пачынаецца рух у свет ведаў, у свет дарослых. Натуральна, што для мяне самога і для астатніх спецялістаў было вельмі важна вярнуць у грамадскі ужытак тое, што гэта зрабілі нашы продкі", — падкрэсліў спецыяліст.