Па дадзеных Медыцынскага цэнтра Стэнфардскага ўніверсітэта, праблемы са сном ёсць у амаль 50% насельніцтва планеты. Аднак па дапамогу пры гэтым звяртаецца ў лепшым выпадку адна трэць. Існуе велізарная колькасць расстройстваў сну, і першае, што прыгадваецца, гэта бяссонніца. Але, аказваецца, бяссонніца — гэта не дыягназ, а ў большасці выпадкаў толькі сімптом.
Сама па сабе бяссонніца дзеліцца на праблемы з засынаннем, абуджэнне сярод ночы, ранняе абуджэнне з немагчымасцю паўторнага засынання ці проста трывожны сон. Калі гэтыя праблемы турбуюць вас тры ночы запар на працягу аднаго месяца, такая сітуацыя патрабуе ўвагі аж да візіту да лекара, распавёў у гутарцы на радыё Sputnik прафесар, доктар медыцынскіх навук, прэзідэнт Асацыяцыі самнолагаў Расіі Раман Бузуноў.
"Бывае, бяссонніцу выклікае стрэс. Іншая справа, калі ёсць арганічныя праблемы, напрыклад, храп. Ён ужо з'яўляецца сімптомам вельмі цяжкага захворвання — сіндром прыпынку дыхання ў сне. Фактычна, гэта эпізод удушша. Чалавек можа 8 гадзін спаць, з іх чатыры гадзіны сумарна — увогуле не дыхаць. Гэта велізарная праблема, паколькі апноэ ў пяць разоў павялічваюць частату інфарктаў і інсультаў, раптоўнай смерці", — сказаў Бузуноў.
Праблемамі расстройстваў сну займаюцца лекары-самнолагі. На думку суразмоўцы Sputnik, на постсавецкай прасторы пакуль ёсць вельмі невялікая колькасць практыкуючых самнолагаў. Але радуе тое, што знайсці спецыяліста ў буйных гарадах ужо не з'яўляецца вялікай праблемай.
Гутарку з доктарам медыцынскіх навук Раманам Бузуновым слухайце ў аўдыёзапісу радыё Sputnik Беларусь.