Лукашэнка: сала — лепшы беларускі допінг

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што пасля цяжкіх трэніровак і забегаў беларускія спартсмены павінны есці сала з чорным хлебам, а не прысмакі.
Sputnik

МІНСК, 29 сак — Sputnik. Самым важным складнікам для дасягнення высокіх вынікаў на спаборніцтвах з'яўляецца нармальнае харчаванне спартсменаў, пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Алімпійскімі і Паралімпійскімі чэмпіёнамі краіны.

Спартсмены-паралімпійцы вярнуліся ў Мінск з медалямі

Беларускі лідар падкрэсліў, што пытанню харчавання беларускіх спартсменаў надаецца недастаткова ўвагі: дыетолагі не заўсёды правільна рэгулююць прыёмы ежы, а трэнеры не сочаць за спартсменамі.

"Як яны будуць выступаць? Гэта ж ненармальна. Сала вам трэба трымаць на этапах Кубка свету ў халадзільніку, нармальны кавалак сала, каб вы маглі пасля старту, забегу, цяжкай трэніроўкі кавалак сала і чорнага беларускага хлеба з'есці, а не пончыкі і марозіва. Вось сала — гэта самы лепшы беларускі допінг ", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас сустрэчы прэзідэнта Беларусі з чэмпіёнамі Алімпіяды і Паралімпіяды ў Пхенчхане абмеркавалі асаблівасці падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў, правялі аналіз іх выступаў і ўзаемадзеяння атлетаў з трэнерамі. Таксама разгледзелі, што неабходна для паляпшэння ўмоў трэніровак, пытанні закупкі і вытворчасці спартыўнага інвентара. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе гэтыя моманты падрабязна абмяркуюць на будучай нарадзе па развіцці зімовых відаў спорту.