Прывітанне з Лондана: чаму першага беларускага Буквара няма на радзіме

Дакрануцца да чатырохсотгадовага арыгінала, які нават не бачылі ў Беларусі, змог намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. Ён распавёў карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай як і чаму вучыліся нашы продкі.
Sputnik
У свеце існуюць толькі два арыгіналы першага беларускага "Буквара". Адзін — няпоўны, але добра захаваны —  у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, другі — самы лепшы — у бібліятэцы ў цэнтры Лондана.

Раней тут жылі тампліеры, цяпер — беларускі "Буквар"

Закрытая бібліятэка Мідл Тэмпл належыць лонданскай карпарацыі юрыстаў некалькі дзесяцігоддзяў. Сам раён "Тэмпл" атрымаў сваю назву ад тампліераў, бо менавіта тут яны раней гуртаваліся і нават захаваўся храм з пахаваннямі вядомых магістраў і рыцараў. Каб пабываць у гэтым месцы, давялося рыхтавацца і весці перамовы цэлы год.
У самае сэрца Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі беларускі "Буквар" трапіў дзякуючы чалавеку, які скупаў азбукі і буквары на розных экзатычных мовах для ўласнай калекцыі. Выданне дагэтуль захоўваецца ў цудоўным стане і выглядае амаль так, як і 400 гадоў таму.  Аб гэтым Алесь Суша можа казаць упэўнена, таму што працаваў з арыгіналам і нават зрабіў фотакопію.

Незразумелая кніжка на славянскай мове

Прычына таго, што на нашых землях не захавалася ніводнага арыгінала з першых экземпляраў, даволі простая — "Буквары" нашы продкі зачытвалі да дзірак.
"Фактычна, усе першыя выданні захаваліся ў адным, двух, рэдка трох экземплярах. І амаль усе яны знаходзяцца за мяжою, дзе іх не чыталі. Як кажуць, няшчасце дапамагло. Нам пашанцавала, што гэтыя кнігі выпадкова трапілі за мяжу", — паведаміў Алесь Суша.
Англійскія калегі нават не падазравалі, якім скарбам валодаюць, бо першы беларускі "Буквар" ніхто з іх не мог прачытаць. На тытульным лісце арыгінала чарніламі было проста напісана "Кніга на славянскай мове".
Спецыяліст падкрэслівае, што пра кнігу ў Беларусі таксама мала хто чуў, і калі б не чарга выпадковасцей, яна ўвогуле магла застацца невядомай.
"На вялікі жаль, ні адзін даследчык з Беларусі не меў магчымасці ўжывую пабачыць, што сабою ўяўляў гэты "Буквар". Яго ўпершыню ўзгадалі ў каталогу ў 1700 годзе, але гэтага асабліва ніхто не заўважыў", — распавёў ён.
Цікавасць да выдання з'явілася ў другой палове ХХ стагоддзя, калі "Буквар" спачатку ўзгадалі ў каталогу Каралеўскай бібліятэкі ў Даніі, а потым брытанскі даследчык беларускага паходжання і святар Аляксандр Надсан апісаў гэтае выданне ў Лондане.

Дзякуй спонсару

Дарэчы, "Буквар" не быў першай кнігай для навучання пісьму і чытанню. Такія "падручнікі" існавалі і раней — людзі вучыліся па кнігах Скарыны, Фёдарава і Зізанія. Але вось выданняў пад назвай "Буквар" дагэтуль сапраўды не было, таму 24 ліпеня 1618 года і лічыцца днём яго нараджэння. Ён сістэматызаваў увесь накоплены вопыт у навучанні грамаце і на той час быў самым дасканалым.
Складана ўявіць, але, калі б не падтрымка беларускага магната Багдана Агінскага, гэтай кнігі магло б і не быць. Менавіта ён падтрымаў тагачасны цэнтр праваслаўнай культуры ВКЛ — Віленскі Свята-Духавы манастыр, выдавецкая дзейнасць якога была забаронена з-за публікацыі  "Трэнаса" Мялеція Сматрыцкага.
"Выданне пабачыла свет у адносна неспрыяльны перыяд для царквы. Большасць праваслаўных іерархаў прынялі царкоўную ўнію і жылі ў іншых рэаліях, тады як частка насельніцтва ўнію не прыняла і захоўвала традыцыі старажытнага праваслаўя", — патлумачыў спецыяліст.
Так атрымалася, што радзімай першага "Буквара" стала не Вільня, а мястэчка Еўе Троцкага ваяводства прыблізна ў 40 кіламетрах ад сучаснай літоўскай сталіцы. Там знаходзіўся маёнтак Агінскага. Дарэчы, герб спонсара і цяпер можна ўбачыць на першай старонцы кнігі.

Вучыся, маліся, не крадзі

Першы "Буквар" быў разлічаны не толькі на юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю.  Па ім сапраўды вучыліся чытаць. Невялікі памер кнігі падкрэслівае, што мы маем справу з першым зручным выданнем для навучання. Пачынаючы з першай публікацыі, амаль два стагоддзі "Буквары" амаль не адрозніваліся адзін ад аднаго ні па дызайну, ні па змесце.
Напачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта, затым складалі іх ў простыя склады і словы. Пасля гэтага яны чыталі словазлучэнні, а потым і цэлыя сказы. Кожны занятак абавязкова пачынаўся з малітвы. Яны складалі істотную частку кнігі — ад трэці да паловы агульнага аб'ёму.
Акрамя гэтага, былі ў кніжцы мудрыя выказванні, пералік наказаў для маладых людзей — "не крадзі", "шануй бацьку свайго і маці" — і пералік смяротных грахоў — "празмерны гонар", "абжорства", "зайдрасць", "сквапнасць", "гнеў" і іншыя.

Падстава для гонару

Колькі дзён таму ў Нацыянальнай бабліятэцы з'явілася лічбавая копія першага Буквара з Каралеўскай бібліятэкі Даніі. Цяпер дакрануцца да выдатнага гістарычнага помніка няхай і ў анлайн-рэжыме зможа любы ахвотны на сайце галоўнай беларускай бібліятэкі.
"Для мяне, як і для маіх знаёмых кнігазнаўцаў, было вельмі важна вярнуць у шырокі грамадскі ўжытак нават пасыл, што не проста 400 гадоў назад быў выдадзены першы "Буквар", а тое, што яго стварылі нашы продкі", — падкрэсліў Алесь Суша.
Ён упэўнены, што 400-гадовы юбілей — не проста чарговая памятная дата, а падстава для гонару беларусаў, бо менавіта нашы продкі паўплывалі на фарміраванне новай традыцыі пад назвай "Буквар".