Праграма XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўжо сфарміравана на 95%, распавёў дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка.
На ўдзел у конкурсе выканаўцаў эстраднай песні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" ўпершыню пададзеныя заяўкі з Вялікабрытаніі, Гвінеі, В'етнама і Егіпта. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка. Многія краіны будуць прадстаўлены на фестывалі ўпершыню.
Ён адзначыў, што хоць сольныя канцэрты і цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю збіраюць больш гледачоў, чым міжнародны конкурс выканаўцаў, больш за ўсё ўвагі ўсё ж прыкавана традыцыйна менавіта да конкурсу.
Зоркі ў Віцебску
У гэтым годзе на сцэне "Славянскага базару" ўпершыню выступяць гурт "Мумий Тролль" і рэп-выканаўца Цімаці. А на алеі, дзе штогод адкрываецца новая зорка, будзе закладзена зорачка савецкай і казахстанскай выканаўцы, кінаакторкі Ружы Рымбаевай. Яна не аднойчы прымала ўдзел у "Славянскім базары", і ў гэтым годзе яе вырашылі ўшанаваць асаблівым гонарам.
Алея зорак закладзеная ў 2009 годзе. На ўваходзе ў Алею зорак размешчана стэла, якую вянчае статуэтка дзяўчыны з вянком у руках. Гэта павялічаная копія статуэткі, якую ўручаюць пераможцам "Славянскага базару".
"Базар" і скандал
Вакол конкурсу разгортваюцца і скандальныя гісторыі. Адзін з расійскіх журналістаў адзначыў, што беларускія выканаўцы раз за разам перамагаюць на "Славянскім базары", і палічыў гэта праявай карупцыі.
Арганізатары фестывалю заўважылі, што журы штогод фарміруецца зноўку і падкупляць яго кожны год не хопіць сродкаў.
"Было б прасцей сфармаваць прафесійнае журы, якое б працавала на кожным фестывалі, але тады мне няма чаго было б адказаць на гэтыя абвінавачванні", — сказаў Сідарэнка.
XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы пройдуць, як мяркуецца, 7-11 і 17-18 ліпеня.