МІНСК, 5 кра — Sputnik. Зоаабаронцы і навукоўцы выступілі супраць таго, каб адстрэліць мядзведзя, які напаў на жыхара Віцебскага раёна, заявілі ў грамадскай арганізацыі "Багна".
У ноч з 23 на 24 сакавіка ў вёсцы Пукшына пад Віцебскам мядзведзь напаў на мясцовага жыхара, нанёс яму ірваныя раны. Паляўнічыя прапанавалі адстрэліць жывёлу, Мінпрыроды Беларусі выступіла супраць забойства чырванакніжнага бурага мядзведзя.
"Мы падтрымліваем пазіцыю міністэрства, якое прыняло ўзважанае рашэнне не адбіраць дадзенага мядзведзя з прыроды, а распарадзілася адагнаць яго ад населенага пункта", — гаворыцца ў прэс-рэлізе "Багны", які паступіў у Sputnik у чацвер.
Грамадская арганізацыя "Багна" выступае супраць прапановы паляўнічай супольнасці адстрэліць мядзведзя, які траўмаваў чалавека ў вёсцы Пукшына Віцебскага раёна.
На думку абаронцаў жывёл, пацярпелы мясцовы жыхар "паводзіў сябе неадэкватна з патэнцыйна небяспечным буйным драпежнікам і парушыў правілы бяспечных паводзін, справакаваўшы канфлікт".
"Зялёныя" паведамілі, што пацярпелы прыкармліваў ваўкоў сырым мясам, і на "ласунак" стаў прыходзіць мядзведзь.
Спецыялісты сцвярджаюць, што мядзведзя прыкармілі, парушыўшы тэхніку бяспекі пражывання ў месцах рассялення драпежніка. "Канфлікт з жывёлай пачынаў наспяваць праз устойлівую харчовую сувязь, якую мядзведзь набыў раней. Гэта здарылася альбо праз падкормку, альбо праз харчовыя адкіды", — падкрэслілі зоаабаронцы.
Яны адзначылі, што ранняй вясной, калі мядзведзі выходзяць з бярлогі, у іх самы складаны перыяд — ежы мала, і яны могуць блізка падыходзіць да жылля чалавека.
У Беларусі жыве 100-110 асобін бурага мядзведзя, у Бярэзінскім біясферным запаведніку, дзе размяшчаецца найбольшая папуляцыя драпежніка ў Беларусі, па розных дадзеных, ад 25 да 35 асобін.