"МАЗ-СПОРТаўта" выступіць на дзвюх машынах у "Золаце Кагана"

Экіпажы паедуць на гонку з невялікімі зменамі - у абодвух памяняліся штурманы, прычым Антон Запарошчанка ўпершыню паспрабуе сябе ў гэтай ролі.
Sputnik

МІНСК, 7 кра — Sputnik. Беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" возьме ўдзел у адным з этапаў Кубка Расіі па ралі-рэйдам, "Золаце Кагана", паведаміла ў пятніцу прэс-служба Мінскага аўтазаводу.

Небяспечныя сэлфі і пясок на зубах: пілоты "МАЗ-СПОРТаўта" пра "Дакар"

Этап пройдзе з 12 па 14 красавіка ў Астрахані. Пачнецца ён пралогам, а з 13 па 14 красавіка гоншчыкі пройдуць хуткасныя секцыі па правым беразе Волгі. Агульная працягласць маршруту гонкі складзе каля 770 кіламетраў, трасы спецучасткаў — каля 575 км.

"Траса на 80% пройдзе па дарозе, але звыклыя барханы "Афрыка" і "Вялікі брат" будуць у маршруце прысутнічаць. Дарэчы, менавіта гэтыя барханы з'яўляюцца візітнай карткай Астраханскай вобласці і гонкі "Золата Кагана", — распавялі ў "МАЗ-СПОРТаўта".

Беларусы выставяць на гонку толькі два экіпажы — у абодвух пасля "Дакара 2018" адбыліся змены. Кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч традыцыйна паедзе разам са сваім механікам Андрэем Жыгуліным, а вось у ролі штурмана ўпершыню паспрабуе сябе механік Аляксандра Васілеўскага Антон Запарошчанка.

Разам з Аляксеем Вішнеўскім паедзе штурман Вязовіча — Павел Гаранін. Механік у экіпажы Вішнеўскага застанецца ранейшым — гэта Андрэй Невяровіч.

"МАЗ-СПОРТаўта" сёлета парадавала прыхільнікаў каманды — экіпаж Вязовіча фінішаваў другім у ралі-рэйдзе "Дакар 2018".