Традыцыя абменьвацца фарбаванымі яйкамі на Вялікдзень сімвалізуе любоў і братэрскае адзінства ў веры. Велікодныя яйкі — галоўны атрыбут свята, таму іх аздабленню надаюць вялікую ўвагу.
Паводле старажытных паданняў, запісаных Герадотам, сусвет быў створаны з яйка, пакладзенага птушкай Фенікс.
На Беларусі яйка са старажытнасці было сімвалам вясновага сонца, увасабленнем жыцця, радасці, цяпла, свету, абуджэння прыроды. Ушаноўваючы сонца, расіянін кажа "красное солнышко", а беларус — "жоўценькае сонейка, як яечны жаўточак". Жаўток таксама атаясамліваўся з золатам, а сусветнае яйка апісваецца як залатое.
Пісанка дапаможа вылечыць хваробу і знайсці скарб
Беларускія майстры актыўна выкарыстоўваюць велікодныя яйкі для ўвасаблення сваіх творчых задумак. За аснову бяруць курыныя, гусіныя, качныя, страўсіныя яйкі, а таксама дрэва, гліну і нават пенапласт. Для ўпрыгожвання таксама выкарыстоўваюць самыя розныя матэрыялы.
Па спосабу афарбоўкі сучасныя майстры ўмоўна падзяляюць велікодныя яйкі на крашанкі, крапанкі і пісанкі. Прасцей за ўсё зрабіць першыя два варыянты, а вось трэці — пісанкі — адкрывае цэлы сусвет і дае прастору для творчасці. Напярэдадні Вялікадня пра іх і пагаворым.
Пісанка — яйка, дэкарыраванае малюнкам у 2 ці болей колеры спосабам васковага рэзервавання.
Пісанка — гэта не звычайнае велікоднае яйка. Яе вырабляюць як падарунак, які будзе выконваць функцыю абярэга для таго, хто яе атрымае.
На Беларусі асвечаным у храме пісанкам здаўна прыпісвалі магічную сілу. Лічылася, што яны здольныя вылечваць хворых, тушыць або лакалізаваць пажары, дапамагаць у пошуках хатняй жывёлы і нават скарбаў.
Нашы продкі каталі велікодныя яйкі з горак, клалі ў зерне, падрыхтаванае на пасеў. Каб забяспечыць добры ўраджай у час сяўбы араты павінны быў з'есці яйка і раскідаць па полі шкарлупіны. Каб у хаце не вадзіліся прусакі, шкарлупіны затыкалі ў шчыліны бярвенняў.
У народзе верылі, што яйка ўвасабляе жыватворную сілу, якая процістаіць усялякай нечысці. Напрыклад, нячысцік можа быць забіты яйкам, знесеным напярэдадні Калядаў, у час калі нараджаецца сонца. Яйкі, пакінутыя на могілках лічыліся сродкам часовага ажыўлення мёртвых. Закопваючы на магілцы сваяка жоўтую крашанку прамаўлялі: "Свяці яму ясным сонейкам у яго цямніцы".
Парады для гаспадынь: як зрабіць пісанку
Валянціна Пісарэнка — мастацтвазнаўца і адна з самых знакамітых беларускіх майстрых па пісанках. У гэтым годзе яна прадставіла кнігу "Пісанкі" — ілюстраваны майстар-клас па стварэнні велікоднай прыгажосці.
На яе думку, беларускія пісанкі адрозніваюцца ад польскіх, украінскіх, літоўскіх не толькі малюнкам і колерам, але і інструментамі выканання. У асноўным яны манахромныя, звычайна выкананы ў два колеры, якія залежаць ад фарбаў.
Беларус, верны традыцыі продкаў, працяглы час лічыў галоўнымі колерамі велікодных яек чырвоны і жоўты. Ён тлумачыў гэта тым, што калісці ў хвіліну Ўваскрасення Хрыстова ўсе яйкі на свеце цудам набылі гэтыя колеры: першы — на ўспамін пра Яго разлітую кроў, другі — у гонар сонца, што свяціла падчас Яго пакутаў.
Калісці для афарбоўкі яек выкарыстоўвалі толькі натуральныя фарбавальнікі. Напрыклад жоўты, рабінавы, чырвоны колеры даваў адвар з лушпаек цыбулі, сіні — з сон-травы, зялёны — з бярозавага лісця.
Для вырабу пісанак раслінныя фарбы не падыходзілі: колеры атрымоўваліся невыразнымі і нават плямістымі.
Сучасным гаспадынькам Валянціна Пісарэнка не раіць выкарыстоўваць для пісанак і ўніверсальныя фарбавальнікі або фарбавальнікі для бавоўны. На шкарлупіне яны працуюць няякасна і могуць сапсаваць папярэднія вынікі.
Лепшымі для гэтай справы мастачка лічыць анілінавыя фарбавальнікі для воўны, якія даюць больш насычаны колер. Колеравая палітра Валянціны Пісарэнка даволі шырокая. У стварэнні сваіх маленькіх шэдэўраў яна карыстаецца жоўтым, чырвоным, ружовым ці памеранцавым (на выбар), а таксама чорным, карычневым ці якім небудзь іншым цёмным колерамі. Гэта не выпадкова, бо колеры, у якія фарбавалі крашанкі і пісанкі мелі сваё значэнне:
Для стварэння абярэга найважнейшым лічыцца выбар яйка ад якасці якога залежыць вынік працы. Найлепшымі лічацца сырыя —"нагуляныя" (з зародкам) яйкі ад хатніх маладых курэй. Ва ўмовах горада ім адпавядаюць яйкі з пазнакай "Д-2", шкарлупа якіх вельмі моцная.
Складана сабе ўявіць, але калі халадзільнікаў не было, некаторыя гаспадары з восені захоўвалі яйкі ў кадушцы з попелам да Вялікадня — прыкладна 4-5 месяцаў.
Свет існуе, пакуль ствараюцца пісанкі
Пісанкарства спрадвеку лічыцца жаночай справай, бо патрабуе не толькі ўседлівасці, але і добрага ведання народных арнаментаў, іх сэнсу.
Пры маляванні пісанак з самых старажытных часоў карысталіся адмысловымі ўзорамі:
Пісанкі дарылі з пэўнай мэтай і верай у тое, што яны дапамогуць у выпрабаваннях, засцерагуць ад бяды. Хвораму чалавеку дарылі яйка з выявай рыбы, каб была моцная і шчаслівая сям'я з дабрабытам — малявалі Дрэва жыцця і павучка.
Дзецям звычайна дарылі яйкі светлых колераў, хлопцам і дзяўчатам — з салярнымі знакамі, яркіх адценняў, гаспадарам і гаспадыням — са знакамі дабрабыту, старым людзям з чорнымі фарбамі.
Зараз традыцыя адорваць адно аднаго яйкамі амаль знікла, але яшчэ стагоддзе таму беларусы на Вялікдзень хадзілі ў госці адно да аднаго, прыхапіўшы не менш за дзесятак крашанак.
У абавязак хроснай маці ўваходзіла наведваць хрэснікаў з пірагамі і яйкамі ў першы дзень Вялікадня.
Дарэчы ва Украіне ў адрозненне ад Беларусі захавалася шмат легенд пра пісанкі. У адной з іх распавядаецца аб тым, што лёс свету залежыць ад колькасці пісанак, што пішуцца кожны год.
Пакуль будуць стварацца пісанкі, свет будзе існаваць. Як толькі гэты звычай знікне, зло ў выглядзе д'ябла, прыкутага пад зямлёй, вырвецца з ланцугоў і знішчыць людзей. Калі багата створана пісанак, то ланцугі моцна трымаюць гэтае зло і яно страчвае сілу, бо людская любоў перамагае.