МІНСК, 9 кра — Sputnik. Фантастычны баявік Стывена Спілберга "Першаму гульцу прыгатавацца" захаваў лідэрства ў беларускім пракаце і не саступіў гучнай прэм'еры мінулага тыдня — расійскаму хорару "Гогаль. Вій".
"Першаму гульцу прыгатавацца" — фантастычная карціна легендарнага рэжысёра Стывена Спілберга. Фільм заслужыў станоўчыя водгукі кінакрытыкаў і гледачоў, добра да яго паставіліся і беларусы.
Па дадзеных сталічнага УП "Кінавідэапракат", на мінулым тыдні "Першаму гульцу прыгатавацца" паглядзелі ў дзяржаўных кінатэатрах амаль 21 тысяча гледачоў, зборы — амаль 65 тысяч рублёў.
Гучная прэм'ера мінулага тыдня, "Гогаль. Вій", першынство ў пракаце пакуль не змагла ўзяць: фільм паглядзелі крыху больш за сем тысяч чалавек, агульныя зборы — 37,6 тысячы беларускіх рублёў. Замыкае тройку лідэраў мультфільм "Трус Піцер" са сціплым вынікам у 13,3 тысячы рублёў.
У сусветным пракаце першынство таксама захоўвае "Першаму гульцу прыгатавацца" — сумарныя зборы ўжо перавысілі адзнаку ў 400 мільёнаў долараў. У лідэрах па сусветнай касе — і хорар "Ціхае месца", які ў беларускі пракат выйдзе ўжо 12 красавіка.