Зялёны лабірынт з'явіцца ў цэнтры Мінска вясной

Па ім змогуць гуляць гараджане і турысты, якія будуць пражываць у бліжэйшых гасцініцах напярэдадні Еўрапейскіх гульняў.
Sputnik

МІНСК, 11 кра — Sputnik. Зялёны лабірынт з'явіцца ў цэнтры Мінска гэтай вясной, паведаміла журналістам кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў гарадской гаспадаркі УП "Мінскзеленбуд" Анжаліка Пузанкова.

Лабірынт размесціцца паблізу гасцініцы "Беларусь". Для стварэння яго контураў маюць намер задзейнічаць больш за 3,6 тысячы іглічных раслін. Шырыня дарожак, па якіх змогуць гуляць людзі, — адзін метр.

У Мінску будуць больш актыўна выкарыстоўваць злакавыя травы

"Зараз вядуцца работы па яго разбіўцы. Такі аб'ект ужо даўно планавалася зрабіць. Паколькі 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы, а для ўсіх нас Беларусь — гэта і ёсць радзіма, было прынята рашэнне аб высадцы лабірынта ў форме карты Рэспублікі Беларусь", — распавяла Пузанкова.

Выбар месца абумоўлены любоўю гараджан і гасцей горада да гэтай часткі набярэжнай ракі Свіслач. Да таго ж, так убачыць яго змогуць і турысты, якія будуць пражываць у бліжэйшых гасцініцах напярэдадні Еўрапейскіх гульняў.

Пузанкова таксама адзначыла, што ў Мінску ўжо вядуцца работы па прывядзенню ў належны парадак тэрыторыі горада пасля зімы; у прыватнасці — мерапрыемствы па азеляненні горада.

"Нам трэба высадзіць усе дрэвы і хмызнякі ў кароткія тэрміны. Такая праца праводзіцца ў час суботнікаў з прыцягненнем грамадскасці. Падчас суботнікаў плануецца высадзіць больш за 700 дрэў і 500 кустоў. Будзем прыводзіць участкі малой радзімы ў належны стан", — патлумачыла яна.