А хто там ідзе: знакаміты верш Купалы выйшаў у перакладзе на 101 мову свету

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў розных краін у Рэспубліцы Беларусь, якія прачыталі верш на сваіх родных мовах.
Sputnik

Пераклад верша Янкі Купалы на 101 мову свету прадставілі напярэдадні ў Вялікім тэатры оперы і балета. Пляцоўка для прэзентацыі была абраная невыпадкова: верш "А хто там ідзе" натхніў кампазітара Кіма Цесакова на яго араторыю "Мы – беларусы", Рыгор Пукст напісаў кантату "А хто там ідзе?", а Міхась Клімковіч і Нестар Сакалоўскі пад уплывам верша стварылі песню, якая стала дзяржаўным гімнам БССР.

"А хто там ідзе: на мовах свету", 2018

Верш Янкі Купалы, напісаны ім каля 1903-05 гадах, які ўпершыню быў выдадзены ў зборніку "Жалейка" ў 1908 годзе, ужо ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя быў перакладзены больш чым на 20 моў свету, і сённяшняе выданее – працяг працы, якую распачаў доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша.

Доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша

Першае шматмоўнае выданне верша славутага беларускага песняра ўбачыла свет у 1982 годзе і было прымеркаванае да стагоддзя са дня нараджэння Янкі Купалы. Больш за дзесяць год Вячаслаў Рагойша збіраў пераклады, звяртаючыся да выбітнейшых прадстаўнікоў сусветнай літаратуры. У гэтым яму дапамагала пляменніца Янкі Купалы Ядвіга Раманоўская, якая працавала ў музеі і была загадчыцай фондаў паэта. 

Факсіміле верша "А хто там ідзе"

"Пераклады, якія сюды ўвайшлі, сведчаць перш за ўсё пра міжлітаратурныя сувязі, культурныя сувязі. Сёння мы неяк на эканамічныя сувязі схіліліся, але нават эканамічныя сувязі лепш ідуць, калі ёсць культурны падмурак", — адзначыў Вячаслаў Рагойша.

Пераклад Эстэр Рандрыамамоні на малагасійскую мову

Выданне 1982-га года налічвала 80 перакладаў, але пакуль кніга была ў другу, з'явілася яшчэ каля дзесяці вершаў, якія ўжо не ўвайшлі ў альбом, што ўпершыню змясціў малюнкі народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага і больш за 30 арыгінальных фатаграфій Купалы.

Пераклады на нанайскую і нарвежскую мовы

Усе гэтыя пераклады ўвайшлі і ў новую кнігу, якая ў гэтым годзе ўбачыла свет у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Укладальнікамі кнігі з'яўляюцца Вячаслаў Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Уступнае слова да выдання напісаў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.

Іўрыт. Пераклаў Зэеў Гейзель

У сёняшні дзень верш Янкі Купалы налічвае нават не адзін, а некалькі літаратурных перакладаў на розныя мовы свету, але ў анталогіі прадстаўлены найбольш дасканалыя, на погляд складальнікаў, вершы. У канцы кнігі прыведзены алфавітны спіс моў, вершы на адзінаццаці з іх раней нідзе не публікаваліся.

Алена Ляшковіч асабіста падзякавала людзям, якія зрабілі значны ўклад у пашырэнне колькасці моў, на якія перакладзены знакаміты верш. Так, першы пераклад, які з'явіўся пасля 1983 года, належыў Хізры Асадулаеву — на мову малога дагестанскага народа – карацінскага. Марыян Сэрватка, былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, упершыню пераклаў "А хто там ідзе" на славацкую мову, а дзякуючы паслу Швецыі ў Беларуси Стэфану Эрыксану ў кнізе з'явіўся пераклад і на шведскую мову.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч

"Гэтая кніга – яшчэ адзін камень у падмурак ушанавання памяці Янкі Купалы", — адзначыла яна і нагадала словы Уладзіміра Караткевіча, які пісаў, што ставіць помнік патрэбна не для творцы, а для сябе, каб нас не абвінавацілі ў беспамятстве і непавазе да найлепшага нашага паэта.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў розных краін у Рэспубліцы Беларусь

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў розных краін у Рэспубліцы Беларусь. Верш Янкі Купалы прагучаў на беларускай, армянскай, сербскай, украінскай, славацкай, кыргызскай, таджыцкай мовах і хіндзі.