Цяпло вяртаецца ў Беларусь: на выхадных будзе да + 23°С

Паводле інфармацыі Гідрамета, у бліжэйшыя дні ў Беларусі прагрымяць першыя навальніцы, а наступны тыдзень пачнецца з сапраўднага вясновага цяпла.
Sputnik

МІНСК, 14 кра — Sputnik. Вясновае цяпло вяртаецца ў Беларусь — на выхадных слупкі тэрмометраў паднімуцца вышэй за адзнаку + 20°С, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Вясна парадавала мінчан некалькімі цёплымі дзянькамі

Невялікае пахаладанне прыйшло ў рэспубліку ў сярэдзіне тыдня з прыходам атмасферных франтоў са Скандынавіі. Аднак сіноптыкі паабяцалі, што надвор'е наладзіцца і ў краіне зноў будзе па-вясноваму цёпла.

Па дадзеных Гідрамета, у суботу, 14 красавіка, кароткачасовыя дажджы з навальніцамі магчымыя толькі ўначы на Брэстчыне і ўдзень месцамі на захадзе Беларусі. Удзень тэмпература паветра складзе ад +14 да + 20°С.

У нядзелю ападкі чакаюцца па паўночным усходзе краіны, месцамі прагрымяць навальніцы. Удзень паветра прагрэецца да + 19°С, на паўднёвым захадзе рэспублікі — да + 23°С.

Наступны тыдзень пачнецца з цёплага надвор'я: месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём слупкі тэрмометраў паднімуцца да адзнакі + 22°С. І зноў цяплей за ўсё будзе на паўднёвым захадзе Беларусі — там сіноптыкі абяцаюць да +25°С.