Чатыры канцэрты і "Бібліаноч": куды схадзіць на кароткім тыдні ў Мінску

Фестываль моды і мастацтва, чатыры канцэрты і "Бібліаноч 2018" - самае цікавае на будучым тыдні.
Sputnik

Вясновае надвор'е чакаецца ў Мінску і на працоўным тыдні, які будзе зусім кароткім. У горадзе пройдзе шмат цікавых мерапрыемстваў: чатыры канцэрты, сем выстаў, фестываль моды і мастацтва, "Бібліаноч", кірмаш з аўтарскімі падарункамі і не толькі. Самыя цікавыя падзеі 18-20 красавіка — у падборцы Sputnik.

Канцэрты

У чацвер у бары Beer & Wine выступіць гурт Trubetskoy. Па словах арганізатараў, музыкі падрыхтавалі яркую і нечаканую акустычную праграму, і прэм'ера пройдзе, вядома, у Мінску; прагучаць залатыя хіты "Ляпіса Трубяцкога". Кошт квітка — ад 23 да 27 рублёў.

У пятніцу ў клуб Re:Public прыязджае група Lumen — прадстаўнікі альтэрнатыўнай сцэны. Канцэрт прысвяцілі дваццацігоддзю калектыва. Слухачам дазволілі паўдзельнічаць у фарміраванні канцэртнай праграмы — выбраць песні, якія будуць гучаць са сцэны. Ацаніць плэйліст можна за 40-50 рублёў.

У вялікай зале КЗ "Мінск" у чацвер пройдзе канцэрт самага вядомага ў Расіі інструменталіста — кампазітара і гітарыста-віртуоза Дзідзюлі. Музыка не аддае перавагі аднаму канкрэтнаму стылю і грае як неа-фламенко, так і рок або фолк. Квіток абыйдзецца ў 30-80 рублёў.

А ў Доме афіцэраў у сераду ў выкананні струннага аркестра "Метамарфозы" і выдатнага віяланчэліста сусветнага ўзроўню Мікаэла Самсонава прагучаць прызнаныя шэдэўры класікі. Квіток каштуе ад 10 да 40 рублёў.

Фестываль-конкурс моды і мастацтва "Этна стыль"

У Нацыянальнай школе прыгажосці ў пятніцу адкрыецца міжнародны фестываль-конкурс моды і мастацтва "Этна стыль". Пачнецца ён з кінасеансаў — пакажуць беларускія фільмы і мультфільмы, а таксама шэдэўры сусветнага кіно на беларускай мове. А на наступны дзень гасцей чакаюць народныя стравы, танцы, майстар-класы, жывая музыка і "Этна шоу". Уваход вольны.

Бібліаноч-2018

Увечары ў пятніцу ў васьмі сталічных бібліятэках пройдзе "Бібліаноч" (а ў трох з іх — "Бібліаноч-kids"). У кожнай з іх — свая тэма і забавы. Дарослым абяцаюць лекцыі, музыку, аўтарскія чытанні, "настолкі", трэнінгі, гісторыі ад travel-экспертаў, хобі- і фотазоны, віртуальны шпацыр па старадаўнім Мінску, жывыя скульптуры і многае іншае.

Для дзяцей таксама падрыхтавалі праграму (з 18:00 да 21:00): займальныя досведы, квэст-гульні, майстар-класы, "Нястрашныя гісторыі на нач", танцавальны флэш-моб, тэатралізаваныя чытанні казак, аквагрым і не толькі. Уваход у любую з бібліятэк вольны.

"Библионочь" в Национальной библиотеке

Удзельнічаюць у акцыі Навуковая бібліятэка БНТУ, Нацыянальная бібліятэка, Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук, Цэнтральная бібліятэка імя Я. Купалы, Фундаментальная бібліятэка БДУ, а таксама дзіцячыя: Цэнтральная імя Астроўскага, №16 і №3 імя А. Гайдара.

Міжнародная выстава, прысвечаная агульнахарчу

У Футбольным манежы можна наведаць міжнародную выставу HoReCa. RetailTech-2018, прысвечаную індустрыі гасціннасці і грамадскага харчавання. Тут будуць суседнічаць розныя тэматычныя раздзелы — "Рэстаранная справа", "Прадукты. Інгрэдыенты. Напоі", "Чай. Кава" і іншыя. Спецыялісты галіны правядуць прома-акцыі навінак, збяруць водгукі, падзеляцца вопытам. Кошт наведвання без папярэдняй рэгістрацыі — 5 рублёў.

Кастом- і цюнінг-шоу

У рамках "Мотавелаэкспа" у Палацы спорту ў пятніцу пачнецца выстава з мноствам інтэрактыўных пляцовак: стандрайдзінг, велатрыял, велазаезды, спаборніцтвы па скейтбордынгу. У экспазіцыі — матацыклы і веласіпеды, экіпіроўка і аксэсуары. Тут жа пройдзе чэмпіянат па кастамайзінгу.

Кірмаш з аўтарскімі падарункамі

У Galleria Minsk усе выхадныя бясплатна даступны святочны марафон падарункаў ручной работы "Гарошак Маркет". Тут можна купіць арыгінальныя штучкі: напрыклад, упрыгажэнні са скуры, дрэва, камянёў, сталі і шкла, інтэр'ерныя дробязі і цацкі, а таксама паўдзельнічаць у майстар-класах. Уваход вольны.

Сем рознапланавых выстаў

На Зыбіцкай, 9 адкрылася новая арт-выстава "Люстэрка душы": мастакі выказалі ўнутраны свет чалавека ў трох канцэптуальных кірунках і падмацавалі кожны з іх светлавым і музычным суправаджэннем. Даступная да наведвання штодня.

У ТРЦ Galleria Minsk працягвае дзейнічаць сямейная выстава "Свет будучыні" з 40 гульнявымі зонамі і апошнімі навуковымі распрацоўкамі (6-12 рублёў). Там жа сустракае гасцей Галерэя эксклюзіўных матацыклаў ад вядучых у Еўропе кастамайзераў (2-5 рублёў). У ГЦ Dana Mall у рамках Future Live прапануюць паглядзець на свет у акулярах віртуальнай рэальнасці (10-18 рублёў).

У ангары Ok16 працягваецца мультымедыйная выстава-шоу "Імпрэсіянізм.LIVE" з сотні "жывых" карцін са спецэфектамі (5-12 рублёў), а ў Гістарычным музеі — выстава графікі Сальвадора Далі. У Галерэю ДК запрашаюць на выставу "Уладзімір Цэслер. Cheese" (18+) з пацешнымі экспанатамі і майкамі з аўтографамі аўтара.

Знаменитые "яйца" Цеслера и Войченко

Новыя фільмы

Традыцыйна ў чацвер у пракат выйдзе некалькі кінапрэм'ер. З гэтага дня будуць паказваць такія карціны, як чарговая частка добра знаёмага баевіка "Таксі 5", крымінальная камедыя "Небяспечны бізнэс", іранская драма "Свіння" і анімацыйная стужка "Леанарда: Місія Мона Ліза".

А ў Цэнтр навыкаў эмацыйнага інтэлекту Zenfish клічуць на кінапрагляд-медытацыю фільма "Самсара" — атрымаецца за паўтары гадзіны пабываць у самых прыгожых і страшных месцах планеты.