Італьянцы ўсынавілі 32-гадовага беларуса

Хацелі ўсынавіць беларуса італьянцы яшчэ дваццаць гадоў таму, аднак змаглі зрабіць гэта толькі нядаўна.
Sputnik

МІНСК, 19 кра — Sputnik. Сям'я з італьянскага горада Трэнта ўсынавіла 32-гадовага беларуса, паведаміла мясцовае выданне l'Adige.

Рашэнне аб усынаўленнi італьянскай сям'ёй 32-гадовага беларуса, чыё імя мясцовымі СМІ не называецца, прымалася судом — пажылая пара зразумела, што і так ставіцца да яго як да сына, таму і вырашыла скарыстацца правам усынаўлення дарослага чалавека.

Вердыкт суда быў станоўчым — зараз мужчына дэ-юрэ прыроўнены да родных дзяцей. Ён можа атрымаць спадчыну, грамадзянства і мае магчымасць даглядаць сваю сям'ю ў старасці.

Хацелі ўсынавіць італьянцы маладога чалавека даўно. Упершыню прыехаў у Італію ён 20 гадоў таму па праграме рэабілітацыі дзяцей з забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў.

Як адзначае выданне, нават у дарослым узросце беларус не губляў кантакту з  сям'ёй, якая дала яму прытулак у дзяцінстве, — стараўся іх наведваць па магчымасці, вывучыў італьянскую мову і падтрымліваў сувязь. Наведвалі новыя мама і тата і яго ў Беларусі. Зараз у яго ёсць свая сям'я, аднак пасля рашэння суда аб усынаўленні з'явіліся і бацькі — асірацеў ён яшчэ ў дзяцінстве.