Паромная пераправа праз Прыпяць пачала працаваць паўнавартасна

Працуе паромная пераправа штодня з шасці раніцы і да васьмі вечара, таксама застаецца на рацэ і пантон.
Sputnik

МІНСК, 20 кра — Sputnik. Паромная пераправа праз Прыпяць паміж Жыткавічамі і Туравам пачала паўнавартасна працаваць, паведамілі ў пятніцу ў "Гомельаўтадоры".

Праблема ў Жыткавіцкім раёне з'явілася пасля выяўлення ў масце праз Прыпяць расколінаў — ён быў прызнаны аварыйным, і амаль пяць месяцаў жыхары Жыткавічаў і Турава з цяжкасцямі дабіраліся з аднаго горада ў другі.

Паромную пераправу праз Прыпяць на час рэканструкцыі моста абяцалі запусціць да 1 сакавіка, аднак з-за актыўнага крыгаходу зрабіць гэтага не змаглі. У выніку паўнавартасна паром пачаў працаваць толькі ў другой палове красавіка.

Як паведамілі ў "Гомельаўтадоры", паромная пераправа працуе на аўтамабільнай дарозе Р-88. Час працы пераправы — з шасці раніцы да васьмі вечара.

Кожную цотную гадзіну паром адпраўляецца з боку Турава, кожную няцотную — з боку Жыткавічаў. Адначасова функцыянуе і пантонная пераправа.

Рэканструкцыя аварыйнага моста праз Прыпяць пакуль не пачалася, хоць чыноўнікі абяцалі скончыць працу да восені. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануе асабіста наведаць рэгіён і азнаёміцца з сітуацыяй.