Адкрыты новы сезон Прэміі імя Ежы Гедройца

Арганізатары абяцаюць, што гэты год будзе эксперыментальным для ўдзельнкаў і журы.
Sputnik

МІНСК, 3 мая — Sputnik. Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў абвясцілі аб пачатку чарговага сезону Прэміі імя Ежы Гейдройца, паведамілі арганізатары.

Гэты год будзе эксперыментальным — упершыню журы будзе складацца пераважна з літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Таксама плануецца запусціць механізм уліку чытацкага меркавання адносна вылучаных кніг.

Прыём заявак будзе завершаны 31 мая. Прэтэндаваць на ўдзел могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года.

Заяўка павінна ўтрымліваць кароткія звесткі, кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы намінатараў, кароткую творчую біяграфію аўтара альбо кожнага з калектыва суаўтараў, поўную назву і анатацыю кнігі, урывак да 10 тысяч знакаў, які можа быць апублікаваны або прадстаўлены публічна Аргкамітэтам Прэміі, кнігу ў электроннай версіі і ад 2 да 7 папяровых асобнікаў кнігі, выяву вокладкі кнігі ў электроннай версіі.

"Аргкамітэт зацікаўлены ў тым, каб ва ўсіх ахвотных была магчымасць паўдзельнічаць у прэміяльным працэсе, але часу марудзіць ужо няма", — падкрэслілі арганізатары.