Папа Рымскі прадае свой суперкар Lamborghini Huracan з аўтографам

Папа Рымскі Францыск, вядомы сваёй сціпласцю, ні разу не карыстаўся машынай, якую яму падарылі ў 2017 годзе.
Sputnik

МІНСК, 4 мая — Sputnik. Аўтамабіль Lamborghini Huracan, які належыць Папе Рымскаму Францыску, будзе выстаўлены на продаж на аўкцыёне Sotheby's, паведамляюць італьянскія СМІ. Таргі пройдуць 12 мая.

Суперкар Францыску падарылі напрыканцы 2017 года кіраўніцтвам кампаніі Lamborghini. Аднак з таго часу Папа Рымскі ім ні разу не карыстаўся, аўтамабіль ніколі не выязджаў з гаража і з'яўляецца абсалютна новым.

Кузаў машыны афарбаваны ў белы колер і мае пасярэдзіне жоўтую двайную паласу, што відавочна адсылае да сцяга Ватыкана. Акрамя таго, машына абсталявана сілавой устаноўкай магутнасцю 570 конскіх сіл, што дазваляе разагнацца да ста кіламетраў за 3,4 секунды, а максімальная хуткасць можа дасягнуць 320 кіламетраў у гадзіну.

Упершыню мадэль Huracan была прадстаўлена на аўтасалоне ў Жэневе ў 2014 годзе. У базавай камплектацыі машына каштуе каля 200 тысяч долараў. Аднак аўкцыённы дом плануе атрымаць за машыну 303-435 тысяч долараў.

Як заявіў прадстаўнік Sotheby's, сродкі, атрыманыя за суперкар, будуць перададзеныя дабрачынным фондам, якія дапамагаюць афрыканскім сем'ям, а таксама пойдуць на аднаўленне жылых дамоў і грамадскіх пабудоў іракскіх хрысціян.