Баранавічы стануць горадам-пабрацімам Магадана

Пагадненне аб пабрацімстве з паўночным расійскім горадам плануецца заключыць падчас святкавання Дня горада Баранавічаў.
Sputnik

МІНСК, 11 мая — Sputnik. Беларускі райцэнтр Баранавічы разлічвае заключыць пагадненне аб пабрацімстве з Магаданам — горадам, размешчаным на паўночным усходзе Расіі.

Улады плануюць пашыраць супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам па розных напрамках: у эканоміцы, гандлі, адукацыі, культуры, турызме і іншых сферах жыццядзейнасці.

"Разлічваем на прасоўванне сваёй прадукцыі, у тым ліку Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання, мэблевай вытворчасці. Магчыма, у ходзе размовы знойдзем новыя пункты сутыкнення", — цытуе БелТА намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Наталлю Фёдараву.

Чыноўніца распавяла, што ініцыятыва заключыць дамову аб пабрацімстве зыходзіла ад прадстаўнікоў Магадана. Улады Баранавічаў запрасілі расійскую дэлегацыю на Дзень горада, каб абмеркаваць напрамкі для супрацоўніцтва і падпісаць Пагадненне аб пабрацімстве. Урачыстасці з нагоды Дня горада пройдуць у Баранавічах 19 і 20 мая.

І Баранавічы, і Магадан — досыць маладыя гарады. Магадан пачаў будавацца толькі ў 1929 годзе — спачатку як пасёлак для геолагаў і гарнякоў, якім трэба было асвойваць выкапні калымскага краю. Горад, дарогі і інфраструктура ствараліся шмат у чым сіламі спецыяльна створанага Паўночна-Усходняга папраўча-працоўнага лагера, які праіснаваў да сярэдзіны 1950-х гадоў. Горадам Магадан стаў у 1939 годзе.

Беларускі райцэнтр атрымаў статус горада 147 гадоў таму — у лістападзе 1871 года, калі пачаўся рух па ўчастку чыгункі Смаленск — Брэст-Літоўск.

Мяркуецца, што ў святочных мерапрыемствах з нагоды Дня горада прымуць удзел пабрацімскія дэлегацыі з польскай Гдыні, украінскага Нававалынска, латвійскай Елгавы, а таксама літоўскага Шауляя. Усяго Баранавічы заключылі дамовы аб партнёрстве з 23 замежнымі гарадамі.