МІНСК, 12 мая — Sputnik. Першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку адкрылі ў суботу на яго радзіме — ва ўрочышчы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна, паведамілі ў мясцовым райвыканкаме.
Помнік вайсковаму і палітычнаму дзеячу, якога шануюць многія беларусы, у 2,2 метры вышынёй быў выраблены з бронзы і ўсталяваны на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Манумент устаноўлены за народныя грошы: больш за 700 чалавек зрабілі ахвяраванні, каб ажыццявіць ідэю яго адкрыцця.
Помнік уяўляе сабой кампазіцыю, у якой Касцюшка глядзіць удалячынь, у адной руцэ ў яго шабля, а ў другой — капялюш.
Радавая сядзіба Касцюшкі была разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сядзібу аднавілі, і ў 2004 годзе адкрылі там музей. Дом пабудавалі на падмурку XVIII стагоддзя па малюнках XIX стагоддзя.
Тадэвуш Касцюшка — ваенны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай і ЗША. Ён узначальваў польскае паўстанне 1794 года, быў удзельнікам вайны за незалежнасць ЗША. Помнікі ў яго гонар устаноўлены ў розных краінах свету: у Польшчы, у ЗША, у Швейцарыі, а зараз і ў Беларусі. Акрамя таго, імем Касцюшкі названыя вуліцы, плошчы і паркі ў розных гарадах, самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў ЗША і Кракаўскі Політэхнічны Універсітэт.