Бывай, элітны дывізіён: беларусы прайгралі аўстрыйцам на ЧС па хакеі

Абедзве зборныя да гэтага прайгралі па пяць матчаў, і па выніках вочнага паядынку стала ясна, што топ-дывізіён пакінуць беларусы.
Sputnik

МІНСК, 13 мая — Sputnik. Беларускія хакеісты прайгралі спартсменам з Аўстрыі з лікам 0:4, такім чынам, зборная Беларусі ўпершыню з 2003 года вылеціць з элітнага дывізіёна сусветнага хакея, перадае карэспандэнт Sputnik.

Для беларусаў гэтая параза стала шостай на турніры: зборная не выйграла ніводнага матча на ЧС у Даніі. Беларускія хакеісты раней прайгралі зборнай Швецыі — 0:5, Францыі — 2:6, Расіі — 0:6, Швейцарыі — 2:5 і Чэхіі — 0:3.

Вратарь сборной Беларуси Виталий Трус

У матчы з аўстрыйцамі беларусы першую шайбу прапусцілі на пятай хвіліне — кідок Лэйна Вівейроса ў створ варот увянчаўся поспехам. Яшчэ тры шайбы апынуліся ў варотах беларусаў у другім перыядзе — на 31-й хвіліне забіў Канстанцін Камарэк, на 35-й — Міхаэль Рафль, а на 40-й — Дамінік Цвергер.

У аўторак, 15 мая, беларусам у рамках ЧС трэба будзе правесці матч са зборнай Славакіі, але зыход гэтага паядынку ўжо ні на што не паўплывае. Правальны выступ нашай каманды пазбавіў яе месца ў элітным дывізіёне сусветнага хакея.