Карціну Мадыльяні прадалі на аўкцыёне ў Нью-Ёрку за 157 мільёнаў долараў

Пачатковы кошт лота для карціны "Аголеная, якая ляжыць" (Nu Couché) быў устаноўлены ў памеры 150 мільёнаў долараў.
Sputnik

МІНСК, 15 мая — Sputnik. Карціна, якая належыць пэндзлю італьянскага мастака "Парыжскай школы" Амедэа Мадыльяні, прададзеная на аўкцыёне ў Нью-Ёрку за рэкордныя 157,2 мільёна долараў, пра гэта паведаміў аўкцыённы дом Sotheby's.

"Шэдэўр Амедэа Мадыльяні 1917 года "Аголеная, якая ляжыць" прададзены за 157,2 мільёна долараў — самую высокую аўкцыённую цану ў гісторыі Sotheby's", — гаворыцца ў паведамленні аўкцыённага дома ў Twitter.

​Да пачатку таргоў па сучасным мастацтве для працы Мадыльяні быў вызначаны ацэначны кошт лота ў 150 мільёнаў долараў. Гэта самы высокі эстымэйт (перадпродажная ацэнка кошту — Sputnik) у гісторыі таргоў карцінамі італьянскага майстра на Sotheby's.

Карціна "Аголеная, якая ляжыць", напісаная ў 1917 годзе, уваходзіць у серыю работ майстра, выкананых у Парыжы. Цяпер падобныя карціны знаходзяцца ў самых вядомых галерэях свету, сярод якіх Метрапалітэн-музей і Музей Саламона Гугенхайма ў Нью-Ёрку, брытанскі Інстытут мастацтва Курто і Лонг-музей у Шанхаі.

Дадзенае палатно было набыта ў 2003 годзе міліярдэрам з Ірландыі за 26,9 мільёна долараў. Зараз аўкцыённы дом не называе імя пакупніка.

У 2015 годзе яшчэ адна карціна Мадыльяні з серыі 22 работ "Аголеная, якая ляжыць" пайшла з аўкцыёну Christie's за 170 мільёнаў долараў.